Сёння праваслаўныя адзначаюць Мядовы Спас

14 августа 2017

Жнівень - час збору ўраджаю, а ў народным календары з гэтым звязаныя адразу тры святы - тры Спасы. Сёння праваслаўныя адзначаюць першы - Мядовы. Як вядома, першымі пчалаводамі былі манахі, і іх сакрэтамі сёння паспяхова авалодваюць сучасныя беларускія свячшэннаслужыцелі. Наталля Бардзілоўская пазнаёмілася са святым айцом - пчалаводам.

«Ойча наш» ля пчаліных вулляў! Пад засцерагальнай уніформай раса святара. Разам са швагерам айцец Валерый адчыняе пчаліную хатку, працуе дымаром, здымае рамку. Першы ў годзе свежы мёд. З Мядовага Спаса царква благаслаўляе медазбор і асвячае мёд у храмах. Ежа багоў - паводле Святога Пісання, у раі цякуць мядовыя рэкі. А ў маленнях з песнапеннямі не раз алегарчына ўзгадваецца пчала.

Прыкормка пчол, чыстка хатак, нарыхтоўка рамак, вашчыны, выбракоўка сот. Ад вясны да восені ў "пчалінага пастыра" шмат клопатаў. Да таго ж не абходзіцца без апітэрапіі: пчолы ў святара Валерыя злыя, але мёд даюць найлепшы.

Вёска Козікі Докшыцкага раёна - праз яе пралягаў так званы Кацярынінскі тракт. Па гэтай дарозе праязджала калісьці сама расійская імператрыца, і тут у яе гонар абапал насадзілі шмат ліп. Самае прывабнае дрэва для пчол. Напэўна таму 5 гадоў назад, калі абіраў месца для пасекі, айцец Валерый спыніўся менавіта на гэты месцы. Зрэшты, пасека ў яго немалая: ні больш ні менш 15 пчаліных хатак!

Мёд у сямейным нацюрморце. Матушка Алена - майстрыха на торт-медавік і бліны з мёдам. Найлепшая страва падчас посту.

На першы - Мядовы - Спас у прыходзе Усіх Святых Бягомля вернікаў "акі пчол". У куце пад іконамі побач з прасфорамі і святой вадой бацюшкаў мёд. Настаяцель частуе прыхаджан і возіць мёд у сталіцу: якасны мёд дае прыбытак, трэба ж дабудоўваць храм! Часовае памяшканне малое для ўсіх вернікаў. Тут людзі месціліся 7 гадоў, але гэтай восенню плануецца пераезд. Завяршаецца "народная будоўля". Падчас яе мясцовыя вернікі праявілі рысы сімвала сённяшняга свята - пчалы: згуртаванасць і працавітасць.

Мядовы Спас і дзень малога асвячэння вады. Людзі ладзяць хрэсныя хады, п'юць асвячоную ваду і купаюцца ў ёй. І прымаюць хрышчэнне. Так, у бягомльскай царкве Усіх Святых стала на аднаго праваслаўнага больш - да першага Спаса таінства хрышчэння прыняў маленькі Сярожа.