Сёння пасвяцілі ў прафесію ўрачоў-інтэрнаў

27 сентября 2016

Афтальмолагі, тэрапеўты, педыятры. Сёння пасвяцілі ў прафесію ўрачоў-інтэрнаў. Паўтысячы выпускнікоў медыцынскіх ВНУ накіравалі ў сталічныя паліклінікі, бальніцы і медпункты.

Урачыстае мерапрыемства прайшло ў дзясятай клінічнай бальніцы. За апошнія пяць гадоў колькасць спецыялістаў, што працуюць у сталіцы, павялічылася больш чым на паўтары тысячы чалавек. З маладымі ўрачамі на іх першых працоўных месцах сустрэлася і Юлія Токар.

Яшчэ летам яны здавалі апошнія іспыты ў медуніверсітэтах, а сёння больш чым у паўтысячы інтэрнаў – пасвячэнне ў прафесію. На першых працоўных месцах - у бальніцах і паліклініках – маладыя спецыялісты дапамагаюць асістыраваць падчас аперацый і вучацца назначаць пацыентам неабходны курс лячэння.

Толькі ў гэтую 10 гарадскую клінічную бальніцу накіраваныя 33 маладыя спецыялісты. Гэта афтальмолагі, рэаніматолагі, тэрапеўты. Зараз у іх інтэрнатура, падчас якой маладыя людзі стажыруюцца па асобных спецыяльнасцях. Праз год інтэрны стануць урачамі пэўнага профілю.

Дарына Зарэцкая медыцыну выбрала невыпадкова. Вырашыла працягваць сямейную дынастыю ўрачоў. Будучы афтальмолаг у аддзяленні мікрахірургіі з лёгкасцю дыягнастуе і кансультуе пацыентаў. Як мага хутчэй марыць самастойна праводзіць аперацыі.

У адрозненне ад сваёй калегі Філіп Іваноў прафесію ўрача выбраў, як кажуць, у апошні момант. І не шкадуе. Зараз ён паспяховы анэстэзіёлаг. Прызнаецца, за першыя дні інтэрнатуры адразу зразумеў, наколькі гэта непрадказальная справа – лячыць людзей. І ў той жа час адказная. Пасля інтэрнатуры яшчэ два гады абавязковай працы па размеркаванні.

Замацаванне маладых урачоў на працоўных месцах за апошнія пяць гадоў дазволіла папоўніць сталічныя медустановы на паўтары тысячы спецыялістаў.