Сёння апошні дзень італьянскай забастоўкі літоўскіх пагранічнікаў

11 июля 2013

Мы прадаўжаем сачыць за сітуацыяй на беларуска-літоўскай мяжы. Вось ужо трэція суткі супрацоўнікі з асаблівай стараннасцю выконваюць свае абавязкі. А менавіта, павольна і вельмі строга. З-за гэтага прапускная здольнасць знізілася ў разы. Калі раней за гадзіну мытнае афармленне праходзілі каля 40 аўтамабіляў, то зараз гэта лічба складае каля 8. На гэты момант самая напружаная сітуацыя ў пунктах пропуску Каменны Лог і Катлоўка. Калі на ўезд тут чарга толькі для грузавых, то на выезд стаяць дзясяткі легкавых і сотні грузавых аўтамабіляў. Варта сказаць, што гэта ўжо не першая такая акцыя літоўскіх пагранічнікаў. Зрэшты, больш за ўсё ад такіх дзеянняў праваахоўнікаў пакутуюць радавыя грамадзяне.


Сёння апошні дзень італьянскай забастоўкі літоўскіх пагранічнікаў. Нагадаем, пратэстанты патрабуюць павышэння заработнай платы і забеспячэння сацгарантый. Пагранкамітэт Беларусі рэкамендуе ўстрымацца ад паездак у гэтым кірунку, альбо змяніць маршрут у Еўрасаюз - праз Латвію і Польшчу.