Сёння пад Мінскам клікалі вясну!

21 марта 2015

Там правялі старажытны беларускі абрад. Спецыяльнымі песнямі-вяснянкамі людзі вырашылі вярнуць сонечнае надвор'е і цяпло. Праўда, у гэтым звычаі ўдзельнічаюць выключна дзяўчаты. Продкі верылі, што жаночая энергетыка прыцягвае цяпло. Паводле традыцыі, "Гуканне вясны" прыпадае на свята Саракі. Каб канчаткова развітацца з зімой, спалілі пудзіла Марэны - сімвал зімы - і нават абудзілі мядзведзя. Аляксандра Драгун пабывала на абрадзе.

Вікторыя Міхно ведае як задобрыць вясну, і звышнатуральныя сілы тут не прычым. Жанчына верыць у моц абрадаў прабабуль. У арсенале – толькі песні. Напрыклад, у маі - на Юр’е – будзе спяваць аб урадлівасці зямлі, а сёння дбае аб пяшчотным сонейку і цеплыні - "Гукае вясну".

Клічуць трэці месяц гучна – песнямі-вяснянкамі. Выконваюць іх а капэла ў некалькі галасоў. Кожны куплет заканчваецца вясёлым крыкам "гу-у-у-у!". Адсюль і назва - "гуканне".

Абавязкова водзяць карагоды ля вогнішча. Гэты абрад абавязковы і сімвалічны – азначае кругазварот жыцця.

Спяваць вяснянкі могуць выключна дзяўчаты. Продкі верылі, што жаночая энергетыка прыцягвае цяпло і святло, а значыць – і вясну.

Але без справы мужчын не пакідаюць. Паводле традыцыі, моцная палова займаецца ўладкаваннем гнязда для бусла. Продкі лічылі, што менавіта гэта птушка прыносіць на сваіх крылах багіню вясны – Лялю. Акрамя гэтага, будзяць мядзведзя, праўда, не саму жывёліну. Абрад, хутчэй, сімвалічны. І, безумоўна, удзельнічаюць у народных гуляннях.

Кульмінацыя свята – спальванне пудзіла Марэны. У ім продкі бачылі зіму, што не дае сонечным прамяням абагрэць зямлю.

Падсілкаваць гасцей вырашылі дранікам... на ўсіх спяклі адзін блін дыяметрам 2 метры!

Гэты дранік – кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінеса. Каб спячы яго, спатрэбілася 30 кілаграмаў бульбы, больш за паўсотню яек, пяць кілаграмаў смятаны і столькі ж мукі. Пяць гадзін – і гіганцкі блін гатовы.

Прабабулі верылі: вясна прыйдзе тады, калі прыляцяць сорак жаўрукоў. Адпаведна і гукалі яе часцей за усё на свята Саракі. Хоць і ў краіне гэтыя выхадныя выдаліся пахмурнымі і небагатымі на вясновае сонейка, але пасля такога гукання цёплая вясна абавязкова прыйдзе.