Сёння пад Мінскам прайшла першая рэпетыцыя паветранай часткі парада

26 июня 2014
Сталіца, тым часам, працягвае рыхтавацца да юбілейных урачыстасцяў. Дарэчы, сёння - роўна 40 гадоў, як Мінск стаў горадам-героем. Падрыхтоўка да парада з нагоды Дня Незалежнасці перайшла ў актыўную і самую відовішчную фазу. Да месца правядзення генеральнай рэпетыцыі накіравалася ваенная тэхніка. Гэта амаль 250 баявых машын. Калона даўжынёй больш чым паўтара кіламетра выехала з Ваеннага гарадка Уручча і прайшла да праспекта Пераможцаў. Увесь шлях у вайскоўцаў заняў каля паўтары гадзіны. Ужо ўвечар у 21:30 побач са стэлай Мінск - горад-герой пачнецца першая генеральная рэпетыцыя з удзелам пешых разлікаў і тэхнікі.

Адкрываць святочны парад даверана авіяцыі. У адрозненне ад мінулых гадоў, старт святу дасць не пешая калона, а паветраная феерыя. У нябесным страі пойдуць не толькі грамадзянскія, але і баявыя самалёты і верталёты. Сёння пад Мінскам прайшла першая рэпетыцыя паветранай часткі парада. Адзначым, што ўпершыню ў святкаванні Дня Незалежнасці Беларусі будуць удзельнічаць і расійскія авіятары.

Як адзначылі ваенныя, надвор'е не перашкодзіць святу. Авіястрой пройдзе на вышыні 300 метраў. Нягледзячы на дастаткова позні старт парада, прагляду паветранага марша цемра не перашкодзіць.