Сёння ў Беларусі ўшаноўваюць ікону Жыровіцкай Божай Маці

20 мая 2014
Сёння ў Беларусі ўшаноўваюць адну з галоўных хрысціянскіх святынь - ікону Маці Божай Жыровіцкай. Менавіта ў гэты дзень у 1493 годзе яна з'явілася людзям. Ікону ўшаноўваюць як праваслаўныя, так і католікі.

Аб сакральнай святыні Беларусі - Алена Борматава.


Яна лёгка змесціцца на далоні. Рэльефная выява Маці Божай з немаўлём на руках памерам усяго 5,5 на 4,5 сантыметра. Яе знайшлі пастушкі больш за 520 гадоў таму ў галінах старой грушы.

Водгаласы пра гаючую ваду пайшлі далёка за ваколіцы сялібы. Сюды сталі прыязджаць паломнікі і манахі. Іх прыцягвала святыня - невялікая каменная ікона Маці Божай, якую сталі называць Жыровіцкай. У 16 стагоддзі на гэтым месцы быў заснаваны мужчынскі манастыр.

Протадыякан Павел Бубноў, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі: У свой час ікона была даследавана навукоўцамі, якія ўстанавілі, што малюнак, які знаходзіцца на гэтым камені, немагчыма ні сёння, ні ў мінулым было атрымаць якім-небудзь вядомым спосабам апрацоўкі каменя, што вось так ускосна пацвярджае звышнатуральны малюнак.


Ужо ў сярэдзіне 18 стагоддзя Жыровіцкі манастыр становіцца адным з асноўных цэнтраў паломніцтва ў Рэчы Паспалітай. На дарозе са Слоніма да Жыровіч на сродкі прадстаўнікоў знатных магнацкіх родаў было ўстаноўлена сем трыумфальных арак. А гэта ўсяго каля 10 кіламетраў. Святы абраз шанавалі і лічылі цудадзейным, як католікі, так і праваслаўныя. Сёння ў Жыровічы пакланіцца Маці Божай прыязджаюць вернікі не толькі з Беларусі, але і з суседніх краін.

Протадыякан Павел Бубноў, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі: У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, падчас адступлення рускіх войскаў, ікона была разам з іншай каштоўнай манастырскай маёмасцю перавезена ў Маскву і знаходзілася ў храме Васіля Блажэннага - Пакроўскім Саборы на Краснай плошчы ў Маскве.


У Жыровічы Маці Божая вярнулася ў пачатку 20-ых гадоў мінулага стагоддзя. Тагачасны настаяцель манастыра архімандрыт Ціхан тайна прывёз яго ў слоічку варэння. І з той пары святыня Беларусі не пакідае Жыровічы. Месца яе знаходжання Успенскі сабор. Зімой цудадзейны абраз пераносяць у цёплы Нікольскі храм. У 90-ых гадах, па благаславенні сённяшняга ганаровага Мітрапаліта Беларусі Філарэта, была зроблена копія іконы, якая Праваслаўнай царквой таксама лічыцца цудадзейнай.