Сёння па ўсёй краіне ўрачыста святкуюць Дзень ведаў

1 сентября 2016

Пачатак новага навучальнага года для бацькоў і дзяцей заўсёды звязаны з новымі надзеямі і хваляваннямі. У школьных дварах прагучалі званкі, для некаторых упершыню. Толькі ў сталіцы сёлета 23 тысячы першакласнікаў. Традыцыйныя лінейкі адбыліся і ў Мінскай вобласці. Тут за парты селі больш за 140 тысяч вучняў, 16 тысяч з якіх - першакласнікі. Наш карэспандэнт Юлія Токар завітала на свята ў барысаўскую гімназію.

Белыя кашулі, прыгожая форма, а ў руках пярэстыя гладыёлусы. Высокія кветкі, ледзь не з іх ростам, горда трымаюць першакласнікі. Сёння для сотні маленькіх школьнікаў у барысаўскай гімназіі № 1 ладзіцца ўрачыстая лінейка.

Першая лінейка, першы настаўнік і першы званок. Менавіта з яго і пачынаецца насычанае школьнае жыццё працягласцю ў 11 гадоў - з марамі, каханнем і перамогамі.

Будучы выпускнік Уладзімір Аруцянян у першым класе марыў… пра музыку. З трох гадоў ён пачаў падпяваць дзіцячыя песні, а сёння выконвае рамансы на міжнародных пляцоўках. Акрамя таго, хлопец віртуозна іграе на фартэпіяна і гітары. І гэта пры тым, што Уладзімір паспяхова вучыцца ў фізіка-матэматычным класе.

Любоў да мастацтва, талент і адоранасць тут прывіваюць і развіваюць з пачатковых класаў. Вакальнае, харэаграфічнае, тэатральнае і інструментальнае майстэрства - у гімназіі чатыры ўзорныя студыі. Высокія вынікі дзеці паказваюць як на раённых спаборніцтвах, так і на рэспубліканскіх. Невыпадкова першая гімназія ў топе ста лепшых школ.

Сёння ва ўсіх школах і гімназіях вобласці ладзяцца ўрачыстыя лінейкі. Для 144 тысяч вучняў агульнай і сярэдняй адукацыі праходзіць першы ўрок ведаў.