Сёння па традыцыі датэлефанавацца можна было да кіраўнікоў розных узроўняў

30 мая 2015

На пытанні людзей адказвалі і ў гарвыканкаме, і ў раённых адміністрацыях. Жыллёвая гаспадарка, будаўніцтва, даступнасць медыцынскіх і адукацыйных паслуг. Праблемы людзей паслухала і Антаніна Станкевіч.

Кожны выхад з дому для яго – нешта сярэдняе паміж квэстам на логіку і пераадоленнем паласы перашкод. Інвалід першай групы Анатоль Партасевіч пазбавіўся зроку яшчэ ў 1991. Да свайго стану мужчына ўжо прывык, вось толькі лягчэй ад гэтага не стала. Здаецца, такая простая справа – прайсці 10 метраў – для яго сапраўднае выпрабаванне.

Выйсці са двара - гэта яшчэ паўсправы. Для здароўя ўрачы рэкамендуюць больш далёкія праменады, тым больш што побач цудоўны сквер. Вось толькі дайсці да яго – таксама суцэльная гісторыя са сваімі асаблівасцямі.

Яшчэ некалькі месяцаў назад тут паркаваліся машыны – і не па правілах, і не па сумленні. Праўда, зараз іх рух тут абмежавалі каменнымі клумбамі. Перыядычна дарожку рамантуюць, але могуць пакінуць агароджу, якую лёгка абысці, калі бачыш. Спецыяльны кій у такіх сітуацыях Анатолю Партасевічу не самы лепшы памочнік. А вось нейкія парэнчы маглі б вырашыць многія праблемы інваліда.

Праблему ў гарвыканкаме адразу ж узялі на кантроль, тым больш што вялікіх выдаткаў такая дапамога інваліду не патрабуе. Тое ж самае і з іншымі пытаннямі: усе, хто змог датэлефанавацца, як мінімум атрымаюць пісьмовы адказ у найбліжэйшы час.

Сёння на пытанні мінчан адказвалі не толькі ў гарвыканкаме. З праблемамі людзей знаёміліся ва ўсіх раённых адміністрацыях, традыцыйна з 9 да 12. У наступную суботу званкоў таксама чакаюць.