Сёння адзначаюць свята Мікалая Угодніка

22 мая 2018

Ён адзін з самых ушанаваных і царквой, і народнай традыцыяй. Больш за тое – адзіны з усіх святых, хто ў гадавым календары мае два дні шанавання. Свята Міколы Угоднік ёсць зімовае (19 снежня) і летняе (22 мая). Калі зімовага лічаць ледзь не Дзедам Марозам, добрым чараўніком, пра летняга гавораць – Мікола траўны, Мікола з цяплом. Наталля Бардзілоўская раскажа больш падрабязна.

Мікола самы блізкі да Бога святы. На нашых землях аўтарытэт Цудатворцы спрадвеку прыраўноўваўся да Ісуса і Багародзіцы. У народзе нават жыло паданне: Мікола-Цудатворац павінен быў стаць Богам ды... сам адмовіўся. Народжаны ў III стагоддзі, сын заможных бацькоў, з юнацтва вернік, потым архіепіскап Мір Лікійскіх пражыў 73 гады, прысвечаных дапамозе бедным, сіротам, дзецям. Сваім апекуном яго лічаць закаханыя, земляробы, ваенныя і гандляры.

19 снежня на Міколу зімовага дзятва чакае падарункаў і цудаў, у царкве ж узгадваюць спачын святога. 22 мая ў храмах адзначаюць перанос мошчаў архіепіскапа Мір Лікійскіх з яго радзімы ў італьянскі горад Бары. Гэта важная гістарычная падзея: тэрыторыі некалі падуладныя грэкам праз часы захапілі мусульмане, і астанкі Мікалая тэрмінова трэба было ратаваць.

Але ж ва ўспрыманні народнага календара зімняга ад летняга Міколу часам адрознівалі зусім не па фактах Пісання.

На Міколу летняга славяне ўскладалі вялікія спадзяванні, звязаныя з надвор'ем і сялянскімі клопатамі. Лічылася, з Міколы майскага пачыналася спякотная пара, вяскоўцам час садзіць бульбу, выганяць коней на далёкія выпасы. І дождж на Міколу – добрая прыкмета: будзе багаты ўраджай злакаў, садавіны і гародніны.