Сёння адзначаюць Міжнародны дзень сям'і

15 мая 2019
Свята, якое аб'ядноўвае самых блізкіх. Сёння адзначаюць Міжнародны дзень сям'і. Гэтаму дню ў сталіцы і розных кутках Мінскай вобласці прысвяцілі фотавыставы і канцэрты. Напярэдадні свята выбралі і самую творчую сям'ю Мінска. Пераможцамі сталі  Вольга і Дзмітрый Бычкоўскія. Яны акружаюць цеплынёй адразу васьмярых дзяцей. Гісторыяй поспеху сваёй вялікай сям'і ў гэты святочны дзень яны падзяліліся і з нашай здымачнай групай.

Дзіцячыя галасы на гэтай пляцоўцы амаль не сціхаюць. І зараз - напружаны футбольны матч, побач - майстар-клас па хіп-хопе. Рытмічным рухам 11-гадовая Кіра вучыць малодшую сястру, а разам з тым і рыхтуе новы выпуск свайго блога. 

Дасягаць высокіх вынікаў як на танцполе, так і футбольным полі гэтай камандзе дапамагае вялікая група падтрымкі. У сям'і Бычкоўскіх атуляюць цеплынёй адразу васьмярых дзяцей. А яшчэ чатырох хатніх гадаванцаў. Самая малодшая - Міра - па прыкладзе матулі ўжо вучыцца быць добрай гаспадыняй. Гатаваць і захоўваць у вялікім доме ўтульнасць вучаць і старэйшыя сёстры.

У вялікай сям'і дзеляць адзін з адным не толькі клопаты, а і перамогі. Бычкоўскія сталі самай крэатыўнай сям'ёй Мінска, і таму восенню прадставяць сталіцу на рэспубліканскім конкурсе. Разам збіраюць калекцыі, спаборнічаюць у більярдзе і ў настольных гульнях. У вялікай камандзе агульныя захапленні, а сёння, бадай, самае галоўнае свята.