Сёння адзначаецца Сусветны дзень пчол

20 мая 2020
Сусветны дзень пчол адзначаецца сёння - у дзень нараджэння заснавальніка сучаснага пчалярства, наватара са Славеніі Антона Яншэ. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да першага ў сезоне меданосу і ў Мінскай вобласці.  На пчальніку ў Вілейскім раёне да збору гаючага ласунку падрыхтаваны 85 вулляў. Пасля зімы яны абноўлены, а жыхары пчалінай фермы пачалі ўжо запячатваць соты з гатовым прадуктам. 

Ілья Цвяткоў высветліў,  калі ж чакаць першы мёд. 

Сяргей Гайчук працуе на пчальніку ўжо больш за 7 гадоў. Развядзенне працавітых насякомых стала справай яго жыцця. Сёлета да збору першага мёду пчаліны запаведнік у Вілейскім раёне падрыхтавалі загадзя.


Пчаліныя вуллі аглядаюць штодзень


Асаблівы догляд і паласатых рупліўцаў. Каб яны не хварэлі, домікі ўцяпляюць і дадаюць вітаміны. Моцнага ветру і нізкіх тэмператур пчолы не любяць - перастаюць вылятаць у поле. Але пры правільным падыходзе вынік у выглядзе бурштынавага ласунку можна атрымаць і пры такіх умовах надвор'я. Падрыхтавалі і неабходнае абсталяванне - рамкі і медагонны апарат. Тры гады таму перайшлі на электронны варыянт - такая медагонка дазваляе атрымліваць карысны прадукт у два разы хутчэй. У мінулым сезоне ў Вілейскім раёне нарыхтавалі больш за 2 тоны мёду - па 27 кілаграмаў з аднаго вулля. Сёлета пчаляры плануюць паставіць новы рэкорд.