Сёння адзначаецца Сусветны дзень касманаўтыкі

12 апреля 2017

Роўна 56 гадоў таму Юрый Гагарын першым у гісторыі абляцеў Зямлю і атрымаў каманду на спуск. У савецкі перыяд палёты здзяйснялі два выхадцы Беларусі - Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук. Сёння на МКС знаходзіцца наш зямляк Алег Навіцкі. Сучасная Беларусь увайшла ў лік касмічных дзяржаў 5 гадоў таму, калі з касмадрома Байканур у Казахстане быў паспяхова запушчаны наш спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Летась з кітайскага касмадрома "Січан" - яшчэ адзін тэлекамунікацыйны спадарожнік "Белінтэрсат-1". Ужо сёлета запусцім нанаспадарожнік, распрацаваны ў БДУ, ён лягчэйшы і таннейшы за прамысловыя аналагі. Да 2019 года сумесна з расійскімі спецыялістамі плануецца запусціць касмічны апарат з дакладнасцю здымкаў да паловы метра.

Пётр Віцязь, кіраўнік апарата НАН Беларусі: "Платформа расійская - мэтавая апаратура, новыя матэрыялы. Многія рэчы робяцца ў Рэспубліцы Беларусь. Вырабляецца мэтавая апаратура. Гэта сёння электронныя сістэмы, оптыка. Шэраг новых матэрыялаў і новых тэхналогій па выкарыстанні і апрацоўцы касмічнай інфармацыі".

У верасні наступнага года ў Беларусі пройдзе Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Форум збярэ дэлегатаў з 30 краін - гэта 150 касманаўтаў, якія прадстаўляюць Еўропу, Азію, Паўночную Амерыку.