Сёння адзначаецца Міжнародны дзень перакладчыка

30 сентября 2015

Дзе рыхтуюць сапраўдных спецыялістаў, якімі якасцямі павінен валодаць міжнародны перакладчык, высвятляла Ларыса Гулякевіч.

Марыя і Яўгенія Бунас – перакладчыкі міжнароднага ўзроўню. Праца з замежнымі арганізацыямі, міжурадавыя перамовы, літаратурныя пераклады, кіна- і міжнародныя музычныя фестывалі, форумы, такія як “Лістапад”, "ТЭАРТ” і іншыя. І, безумоўна, выкладанне ў родным лінгвістычным універсітэце.

Ад якаснага перакладу часам залежыць тон, атмасфера і вынікі самых сур’ёзных перамоў. Сёння сусветная супольнасць адзначае Міжнародны дзень перакладчыка.

Прафесійнае свята перакладчыка з’явілася толькі ў 1991 годзе і ўстанавіла яго Міжнародная федэрацыя перакладчыкаў.

На перакладчыцкім факультэце, які існуе каля 30 гадоў, рыхтуюць спецыялістаў па 3 напрамках: сінхронны пераклад, пісьмовы і вусны. А гэта не толькі двухбаковыя пераклады на канферэнцыях і перамовах рознага ўзроўню. Гэта і камунальныя пераклады ў судовых установах з бежанцамі і замежнымі грамадзянамі.

Часам прафесія перакладчыка застаецца за кадрам, за кулісамі. У перакладчыкаў ёсць свае прафесійныя крытэрыі. Перш за ўсё - прафесійная адукацыя з практыкай, адказнасць і самападрыхтоўка.

Іншая спецыфіка – літаратурны пераклад, які патрабуе творчых здольнасцяў, часам талента пісьменніка, артыста.

Спачатку перакладчыкамі былі толькі мужчыны, зараз большая частка студэнтаў–перакладчыкаў – дзяўчаты.