Сёння адзначаецца Дзень пажарнай службы Беларусі

25 июля 2013
Прафесіяналізм ратавальнікаў расце разам з вопытам і тэхнічным узбраеннем. Прычым, сфера дзейнасці ўжо даўно выйшла за рамкі краіны. МНС Беларусі не раз аказвала гуманітарную дапамогу замежным дзяржавам. У тым ліку, у тушэнні лясных пажараў у Турцыі, Грэцыі і Расіі. Зараз вектар развіцця атрымаў заходні кірунак. У рамках Усходняга партнёрства Беларусь нарошчвае супрацоўніцтва з ЕС.

Са Славакіі рэпартаж Аляксандра Смірнова.
Славацкія Татры - рай для аматараў лыжнага спорту зімой і экатурызму летам. Чароўныя горы - адпачынак для адных і праца для другіх. Спецыялісты па катастрофах ні на хвіліну не забываюцца - прыродная сіла ніколі не падпарадкуецца чалавеку. Але прадбачыць і кантраляваць разбуральныя з'явы можна.
Марыа Фурдэк, тэхнік па кіраванні плацінай Ліптаўска мара: Дамба пабудаваная напрыканцы 60-х гадоў для прадухілення паводкавай хвалі з гор і горнай ракі Ваг. Яшчэ плаціна выкарыстоўваецца для вытворчасці электраэнергіі, рэгулявання расходу вады падчас засухі і вырошчвання рыбы. Тут стаяць спецыяльныя сеткі, дзе вырошчваецца фарэль.


Шматфункцыянальная дамба - выратаванне і дамоклаў меч для людзей, якія жывуць ніжэй па цячэнні. Спецыялісты ратавальных ведамстваў краін Усходняга партнёрства дасканала вывучаюць сістэму бяспекі. Любая дробязь можа прывесці да таго, што 360 мільёнаў кубаметраў вады абрушыцца на дзясяткі тысяч чалавек.


Гэта так званая сістэма фільтрацыі, часам вада запаўняе ўсе гэтыя калідоры. Іх працягласць - больш як 1300 метраў, а размешчаны яны на глыбіні 7,5 метраў пад узроўнем дамбы. Спецыяльныя датчыкі вымяраюць любыя змены, і помпы адпампоўваюць ваду назад у вадасховішча


Адразу пасля практычных заняткаў - тэарэтычныя. З дапамогай спецыялізаванай камп'ютарнай праграмы ратавальнікі вучацца руйнаваць дамбу, каб зразумець, якія сілы могуць выклікаць катастрофу і як кантраляваць стыхію. Для Беларусі праблема вялікай вады, як і для ўсяго свету, самая актуальная. IT-распрацоўкі для МНС - нібы карта баявых дзеянняў, калі да наступлення саперніка можна пралічыць шляхі адыходу мірнага насельніцтва.


Аляксандр Мінец, інжынер аддзела маніторынгу і прагназавання РЦНС МНС Беларусі: Ёсць моцнае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе разлічыць і візуалізаваць зоны падтаплення. Але нам будзе цікавы праграмны комплекс Майк-11, распрацаваны Інстытутам водных рэсурсаў Каралеўства Данія, бо ён дазваляе навочна прадэманстраваць наступствы пры пропуску вясновай паводкі.


У зоне падтаплення дамбы Ліптаўска мара знаходзіцца райцэнтр Ружамберак, некалькі невялікіх гарадкоў і вёсак. Падчас канікул і сезону водпускаў насельніцтва ўзрастае ў некалькі разоў. Прычын таму некалькі, у іх ліку 4 аквапаркі, у якіх штодня адпачывае па некалькі тысяч наведвальнікаў. 5 гадоў таму па цячэнні ракі Ваг была абсталявана сістэма ранняга абвяшчэння. Па спецыяльных гучнагаварыцелях людзі першымі даведваюцца пра небяспеку, якая рухаецца.
Марцін Баран, мэр г.Бешанёва (Славакія): Я бяру ў рукі рацыю і папярэджваю сваіх жыхароў аб надыходзячай катастрофе. Я гавару, у якім кірунку рухацца, каб пазбегнуць небяспекі, што з сабой браць і чаго чакаць у далейшым.


Разам з беларускімі спецыялістамі на студэнцкі ўслон селі калегі з краін-удзельніц Усходняга партнёрства. Гэта ратавальнікі з Арменіі, Грузіі, Азербайджана, Малдовы і Украіны. Наперадзе вялікі праект. Разам з партнёрамі ЕС будзе стварацца электронны Атлас рызык. Праграма ў рэжыме анлайн дазволіць спецыялістам адсочваць сітуацыю на патэнцыйна небяспечных аб'ектах і бачыць, дзе і якая патрэбна дапамога. Бяда, як вядома, не ведае меж.