Сёння адкрылі спецыяльны комплекс для метэаназіранняў

27 декабря 2018

Прагноз надвор'я стане больш дакладным. У дапамогу сіноптыкам сёння адкрылі спецыяльны комплекс для метэаназіранняў. Ён размясціўся ў сталічным мікрараёне Уручча. Новы аб'ект дазволіць сачыць за станам высокіх слаёў атмасферы. Для правядзення ўсіх відаў назіранняў устаноўлены прыборы і найноўшае абсталяванне. Комплекс дазволіць сіноптыкам мець больш поўную інфармацыю, на ранняй стадыі выяўляць небяспечныя з'явы. Больш падрабязна - Ян Пашкевіч.

Такія футурыстычныя датчыкі – перакладчыкі настрою надвор’я ў лічбавую сістэму. Прыборы папярэдняга пакалення зараз сталі запасным колам у гэтым парку метэаралагічнай тэхнікі – асноўную працу выконвае аўтаматыка.

Хай-тэк метэаралагічная станцыя будзе трансліраваць апошнія дакладныя даныя і на агульнадаступныя сайты. А вось каб прадугледзець перамены ў надвор'і, штодзень спецыялісты будуць запускаць у неба спецыяльны зонд-разведчык. Ён збірае даныя з вышыні ў 30 кіламетраў, і такім чынам можна зрабіць больш дакладны прагноз.

Такія сучасныя падыходы ў метэаралогіі дадуць магчымасць быць заўсёды гатовымі да нечаканых перамен ў настроі надвор’я – у сельскай гаспадарцы такім чынам можна выратаваць ураджай, а службы МНС змогуць прадухіліць надзвычайныя выпадкі ад катаклізмаў надвор’я.
Зараз дакладнасць прагнозаў надвор’я у сталіцы і рэгіёнаў змяняецца ад 93 да 97 працэнтаў. Увод жа дадатковых сучасных станцый зможа значна павысіць гэтыя паказчыкі,і такім чынам надвор’е больш не зможа застаць знянацку нечаканымі сюрпрызамі.