Сёння відавочная ідэалагічная барацьба паміж флагамі - дзяржаўным і бела-чырвона-белым, які выплыў з гістарычнага мінулага Беларусі

12 сентября 2020
Разварушванне грамадства на варожасць і супрацьстаянне выразна спраекавана і на сімволіку. Сёння відавочная ідэалагічная барацьба паміж флагамі - дзяржаўным  (чырвона-зялёным) і бела-чырвона-белым, які выплыў з гістарычнага мінулага Беларусі. Толькі на першы погляд - гэта канкурэнцыя колеравых рашэнняў. За кожным з іх стаяць людзі, нашы сучаснікі. Мірныя працаўнікі, якія адстойваюць права на стабільнасць і незалежнасць краіны. І тыя, хто "прагне буры" і не заўсёды ўсвядомленых перамен. А яшчэ за кожным з палотнаў - вялізнае мінулае, якое нясе ў сабе энергетыку падзей.

Так ці варта сёння з крывой грымасай глядзець на флаг, пад якім мільёны сцвярджаюць: "Мы беларусы - мірныя людзі"? І што ў скарбонцы мінулага ў флага, які выкарыстоўваюць на пратэстах?

Наталля Бардзілоўская пабывала ў архівах, сустрэлася з гісторыкамі, каб прасачыць храналогію і гісторыю.

Спачатку быў арнамент. Этнографы нам падказалі: чырвоны ж рабілі з чарвяца - чарвяка, якога збіралі ў чэрвені. У нашых продкаў небагата было магчымасцяў рабіць розныя фарбы - вось і абралі, што прасцей, - чырвона-белы. А яшчэ - сакральна. Чырвоны - сімвал жыцця. Белы - чысціні і пераходу ў іншы свет. Чырвоны без белага - для жывых, белы без чырвонага - для нябожчыкаў ці продкаў. Таму калі да жыццялюбства і пазітыву, то толькі спалучэнне колераў! А формы? З сотняў беларускіх арнаментаў, сплеценых за стагоддзі, самы ўшанаваны – вось! Паглядзіце на наш дзяржаўны флаг. Гэты - Рэспублікі Беларусь. Тут старажытны сімвал - узыходзячае сонца.

Чырвоны з белым аберагалі беларусаў у часы ВКЛ. Хронікі канца 14 стагоддзя раскажуць: на бітву з тэўтонцамі, да Грунвальдскай перамогі, вялікалітоўскія князі ішлі пад сцягам чырвоным з сярэбранай верхавінай (своеасаблівы геральдычны міні-эквівалент белага). 

Але менш міфалогіі - больш дакументаў: дакладна сімволіка ВКЛ апісана ў 16 стагоддзі - падчас адміністрацыйнай дзяржаўнай рэформы і падзелу агульнай тэрыторыі на паветы і ваяводствы (адпаведнікі сённяшнім раёнам і абласцям).

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі са сховішчаў дасталі дакументы 16-17 стагоддзяў. Вось прыватнаўласніцкія знакі - радавыя гербы, сямейныя пячаткі. Як і на харугвах кожнага рэгіёна, так і на сімвалах радоў - характэрнае ўстойлівае спалучэнне (белы ды чырвоны). Але! Няма ніякіх канкрэтных спасылак на тое, што бела-чырвона-белае было агульнадзяржаўным знакам ВКЛ. Не пад сваімі ўласнымі флагамі перажылі беларусы часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Бліжэй да злому стагоддзяў адбыліся беспаспяховыя паўстанні беларускай шляхты. Нацыянальная ідэя намацавалася на пачатку 20-га стагоддзя і вылілася ў бела-чырвона-белы флаг. 

Да вясны 1918-га ў бела-чырвона-белага было нямала непрызнанняў. Але дата 25 сакавіка 1918 года - дзень нараджэння Беларускай народнай рэспублікі. Яе сімвалы - герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы флаг - афіцыйны статус сімволікі атрымалі праз паўгода. У Нацыянальным архіве Беларусі - тоўстыя папкі з дакументамі тых часоў. Вось сведка:11 жніўня газета "Вольная Беларусь" змяшчае адпаведныя пастановы і апісанне дзяржаўных знакаў. БНР павінна была стаць краінай дэмакратычнай (з усялякімі свабодамі) і ўнітарнай (з дазволам для нацый, якія жылі тут, спавядаць сваю веру і карыстацца сваёй мовай). Але не збылося.

Гэта - не фэйкі з сённяшніх сацсетак, не іх спрэчны кантэнт. Глядзіце - гэта дакументальныя хронікі і дакументы Нацыянальнага архіва Беларусі. Вось канкрэтныя сведчанні: Беларусь бела-чырвона-белая трымала "віват" гітлераўскім захопнікам. Ад 27 ліпеня 1942 года загадам генеральнага камісара акругі Беларутэнія Вільгельмам Кубэ выкарыстанне бела-чырвона-белага флага, роўна як і "Пагоні", было дазволена побач і нароўне з нацысцкай сімволікай.

Прыкра глядзець: прагітлераўскія калабаранты ветліва ўсміхаліся акупантам, заклікалі свой народ да супрацоўніцтва з Германіяй, папулярызавалі ўваход у светлую будучыню з прагрэсіўнай Еўропай. А вось перад намі Дэкларацыя ўрада БНР. У архіўным дакуменце на некалькіх мовах сказана пра адзінства і еднасць у незалежнай Беларусі двух брацкіх народаў: беларусаў і яўрэяў. Акт ад 25 сакавіка - “голасна агучана на ўвесь свет воля дзвюх суверэнных нацый». А дзе гэты лозунг быў у рэаліях ваенных саракавых? Ці не пад бела-чырвона-белай сімволікай флага, павязак рукавоў паліцайскага адзення іх, "жоўтазорых" беларускіх і яўрэяў, спецыяльна прывезеных з Еўропы, рознымі спосабамі знішчалі? Кожны трэці, хто загінуў у вайну на Беларусі. Ці абеліцца калісьці ад тых крывавых плям бела-чырвона-белы флаг?

У Савецкай пасляваеннай Беларусі бела-чырвона-белы афіцыйнай забароны не меў, але яго ўжыванне не віталася і аўтаматычна ўносіла чалавека ў спіс ненадзейнага. І так без перамен да 90-ых, калі па рэспубліках СССР пракацілася кола "абуджальных рухаў". Зноў бела-чырвона-белая сімволіка выйшла на дэманстрацыі, іх ладзіў БНФ. Распаўся вялікі і магутны саюз. У 1991-м наша дзяржава замест БССР стала звацца Рэспублікай Беларусь. Бела-чырвона-белы флаг і герб "Пагоня" сталі афіцыйнымі сімваламі і трымаліся ажно да 1995 года. Тыя, хто памятаў гісторыю вайны, перш-наперш ветэраны, пачалі аспрэчваць бела-чырвона-белую сімволіку, пісаць лісты ў Вярхоўны Савет. Гэта было заканамерна. Сімволіка была перагледжаная. Адбыўся рэферэндум і ўсенароднае галасаванне, у тым ліку - за флаг.

Чырвоны з зялёным флаг у нашы дні вярнуўся: ён быў беларускім на пачатку 50-ых. Пасля вайны, калі ў 1945-м Беларусь стала заснавальнікам у ААН, здарылася незразумелая сітуацыя з ідэнтыфікацыяй: беларускі, як і ўкраінскі, і флаг РСФСР быў аднатонна-чырвоным.Тады двайнікоў-сімвалаў і азначылі палоскамі: Украіну - блакітнай, Беларусь - зялёнай. Гісторыю нашай дзяржавы не перапісаць. Чаму ж сёння на парадак нашага жыцця выйшла ідэалагічная канкурэнцыя паміж сімволікай? Няўжо духоўную моц флага сённяшняй Беларусі можа зацямніць шлейф, які цягнецца за бела-чырвона-белым? 

Да сімвала, якому не хапае пазітыву, не варта вяртацца. Як і ў асабістым чалавечым жыцці не варта жыць мінулым. Шкада, што бела-чырвона-белыя флагі сёння ўнеслі раскол у грамадства і сталі зброяй у руках палітычных маніпулятараў. Беларусы павінны застацца непадзеленымі. Адзінымі. І без аглядкі рухацца ў стваральным напрамку.