Сёння абнавілі склад аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў

2 октября 2018

Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт. Карэкціроўкі звязаныя са змяненнямі ў складзе ўрада і кіраўніцтва рэспубліканскіх арганізацый. Старшынёй арганізацыйнага камітэта стаў прэм'ер-міністр Сяргей Румас, яго намеснікамі - віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка і міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Таксама ў склад камітэта ўвайшлі міністр фінансаў, міністр сувязі і інфарматызацыі, старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Зараз сярод ключавых пытанняў падрыхтоўкі - развіццё інфраструктуры, у тым ліку і для балельшчыкаў. У сталіцы з'явяцца спецыяльныя фан-зоны з фуд-кортамі, гіганцкімі экранамі і дзіцячымі пляцоўкамі. Гэта 4 пункты: на стадыёне "Дынама", "Чыжоўка-Арэне", "Мінск-Арэне" і ля Палаца спорту. У распрацоўцы і транспартная лагістыка. Неабходна звязаць 15 спартыўных аб'ектаў з вёскай атлетаў. Працягне тэму Юлія Токар.

262 дні - і Мінск стане цэнтрам прыцягнення спартыўных баталій. 50 краін, 15 відаў спорту, 23 дысцыпліны і больш як 4 тысячы спартсменаў: II Еўрапейскія гульні - падзея, якая з кожнай гадзінай становіцца больш близкай.

Зараз у спартсменаў фінішная прамая - з жніўня пачаліся тэставыя спаборніцтвы. Ужо прайшлі па дзюдо, стрыт-боле, веславанні на байдарках і каноэ, лёгкай атлетыцы, каратэ. Насычаны графік і ў нацыянальнай каманды па боксе. Трэніруюцца ў алімпійскім спартыўным комплексе "Стайкі". Турніры ў байцоў літаральна ў рэжыме нон-стоп. Таму на інтэрв'ю ўсяго пяць хвілін.

Да II Еўрапейскіх гульняў рыхтуюцца не толькі спартсмены - сам горад. Ключавое пытанне зараз - транспартная лагістыка. Бо не проста звязаць 15 спартыўных аб'ектаў і вёску атлетаў.

Аляксей Багдановіч, менеджар па камунікацыях фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года":

"У нас будзе дзейнічаць так званая тыёл-сістэма, дзе акрэдытаваныя ўдзельнікі змогуць карыстацца шатл-басамі. Калі мы гаворым аб вёсцы спартсменаў, то яны садзяцца ў гэтыя аўтобусы і даязджаюць альбо на спартыўныя аб'екты, альбо праз цэнтральны хаб едуць па сваіх аб'ектах. Таксама акрэдытаваныя асобы змогуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам. Акрэдытаваная кампанія будзе адкрытая ў снежні".

У спартыўнай вёсцы ўладкуюць і пасажырскі тэрмінал з прыпынкамі і інфармацыйнымі табло. А на праезнай частцы арганізуюць транспартныя калідоры.

На дарогах Мінска зараз таксама наводзяць глянец. Завяршаецца рэканструкцыя некалькіх буйных транспартных вузлоў. На праспекце Машэрава заканчваецца другі этап рамонту пуцеправода над Свіслаччу - замяняюць дарожнае палатно і маналітныя ўчасткі. Таму рух часова перакрыты па трох палосах.

Прадумалі інфраструктуру і для турыстаў, і для спартыўных балельшчыкаў. Чатыры асноўныя фан-зоны размесцяцца ля Палаца спорту, "Чыжоўка-Арэны", "Мінск-Арэны" і стадыёна "Дынама".

Яшчэ адна фан-зона будзе ў новым, нязвыклым месцы. На самай моладзевай вуліцы сталіцы - Кастрычніцкай. Уздоўж былых заводаў размесцяцца фуд-корты, вялікія экраны, дзіцячыя пляцоўкі. Такім чынам, госці змогуць не толькі стаць удзельнікамі спартыўнага свята, але і пазнаёміцца з урбан-культурай Мінска.

Дарэчы, лагатып II Еўрапейскіх гульняў зараз можна назіраць не толькі на грамадскім транспарце, білбордах або мультымедыйных экранах - у цэнтры Мінска! Ля Палаца спорту ўсталююць светлавы 4-метровы зямны шар, на якім яркая кветка папараці і слоган Bright Year, Bright You будуць мігацець тысячамі святлодыёдаў.