Сёння не стала народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука

7 февраля 2018

Адзін з самых знакамітых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, лаўрэат прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" запомніўся гледачам як эталон беларускага народнага вобраза. Яго партрэт знаходзіцца ў Лонданскай кінаакадэміі, а таксама ў родным Купалаўскім тэатры. Гэтай сцэне артыст аддаў больш за паўстагоддзя. Там жа пройдзе і цырымонія развітання. 9 лютага з 10 раніцы можна будзе пакланіцца па-сапраўднаму народнаму герою. Светлай памяці Генадзя Гарбука наш наступны сюжэт.

Шчыры беларус. Пра такіх гавораць: пайшоў не проста артыст - Чалавек. Ён умеў быць такім блізкім, родным. І, здаецца, ён не іграў - жыў на галоўнай драматычнай сцэне краіны і на экране.

А яшчэ яго пазнавалі як Васіля. Роля ў тэлеспектаклі паводле рамана Івана Мележа "Людзі на балоце" прынесла яму першую славу. Трохсерыйны тэлеспектакль атрымаў Дзяржпрэмію БССР. Яго ўзнагарода за нумарам 007. Невыпадковае супадзенне, бо ён і праўда быў асаблівым. Гэтую ролю іграў амаль 20 гадоў у Купалаўскім тэатры. А потым перарос яе ў літаральным сэнсе - у карціне Турава Гарбук ужо бацька Ганны.

Вясковы… Родам з вёскі Глыбочка Віцебскай вобласці. Падлеткам перахварэў на малярыю, якую ў тыя часы лячылі хінінам. Вынік - блізарукасць на ўсё жыццё. Вялікая Айчынная вайна прайшлася і па яго біяграфіі. У ваеннай драме Міхаіла Пташука Генадзь Гарбук сыграў сам сябе. Пятрок-Гарбук атрымаў міжнароднае прызнанне за надрыўны вобраз.

Сапраўдны купалавец. Больш як паўстагоддзя на тэатральнай сцэне. І кожны раз у самае сэрца гледача. Любіў класіку без авангарду.

Яшчэ адна знакавая роля - Андрэй Ходас у "Белых Росах". Яна, на жаль, так і не атрымала працягу ў выкананні Гарбука. Працяг народнай сагі Дудараў пісаў пад народнага артыста, а ён проста не змог здымацца. Перанёс аперацыю на нагах. Стойка змагаўся з узростам.

Хрэстаматыйны вобраз дзеда Талаша паводле Коласа ў яго атрымаўся. Як і ўсё, за што ён браўся. Апошні раз народны артыст выйшаў на сцэну летась 7 мая. У ролі Чарнушкі. Цыкл замкнуўся. Сёння ў родным Купалаўскім вісіць партрэт Генадзя Гарбука. Пакуль яшчэ без чорнай стужкі. Яго тэатральная сям'я пакуль не звыклася з думкай аб тым, што ён пайшоў, а разам з ім эпоха.