Сёння пачалі сваю працу школьныя лагеры ва ўсёй сталіцы

2 июня 2014
Бацькі, якія не ведаюць, з кім пакінуць дзяцей, могуць не хвалявацца: з 8 да 18 гадзін дзяцей дагледзяць іх жа настаўнікі і выхавальнікі. Прычым кошт такой паслугі - у межах двухсот тысяч рублёў за 18 дзён.

Антаніна Станкевіч пра танны адпачынак для дзяцей ў горадзе.

Яны не проста малююць на асфальце. Гэта - своеасаблІвы міні-конкурс. Тэма малюнкаў - Дзень абароны дзяцей. Такім чынам хлопчыкі і дзяўчынкі выяўляюць фантазію, а заадно і ўпрыгожваюць школьны двор. І такія ўрокі - конкурсы мастацтва - далёка не адзіная справа, якой займаюцца дзеці ў школьным лагеры.

Сёння сталічныя школы з самага ранку прымалі сваіх вучняў на адпачынак. На працягу трох тыдняў дзеці будуць аздараўляцца недалёка ад дома. У праграме - трохразовае харчаванне, а таксама разнастайная забаўляльная праграма.

Кошт пуцёўкі ў такі лагер на 18 дзён не перавышае двухсот тысяч рублёў. Праўда, асобна прыйдзецца заплаціць за экскурсіі, а таксама паходы ў тэатры і цырк, напрыклад. Усё астатняе, калі казаць мовай турфірм, уключана.

Працаваць школьныя лагеры будуць на тры змены. Усяго іх у сталіцы амаль тры сотні. Адпачыць у іх змогуць каля 50 000 дзяцей.