Сёння на З'ездзе навукоўцаў Беларусі прагучаць прыярытэтныя кірункі развіцця навукі на наступныя 20 гадоў

13 декабря 2017

Зверка гадзіннікаў і задачы для новай якасці эканамічнага росту. Сёння на З'ездзе навукоўцаў Беларусі прагучаць прыярытэтныя кірункі развіцця навукі на наступныя 20 гадоў. У пленарным пасяджэнні прыме ўдзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Маштабны навуковы форум яшчэ ўчора сабраў 2 100 дэлегатаў з усёй краіны і больш як паўтысячы запрошаных з-за мяжы. Сюжэт - Алесі Высоцкай.

Гэты год навукоўцы завуць знакавым. І гэтаму ёсць шмат прыкладаў, дзе ярка бачная роля навукі ў грамадстве і статус навукоўца як рухавіка прагрэсу. Прычым у розных сферах: ад космасу да зямлі, якая дае нам хлеб. Усё гэта добра было відаць на дзевяці тэматычных секцыях, якія працавалі ў першы дзень з'езда. Пераход на лічбавую эканоміку, развіццё воблачных тэхналогій, інтэлектуалізацыя грамадства. Беларусь ідзе ў нагу з усім светам. Высокі ўзровень беларускіх распрацовак адзначаюць навукоўцы з розных краін. У Мінск прыбылі вядомыя навукоўцы Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій, сусветных навукова-даследчых цэнтраў.

З мінулага з'езда прайшло ўжо 10 гадоў. Менавіта тады Кіраўніком дзяржавы перад навукай былі пастаўленыя стратэгічныя задачы. Напрыклад, інтэграцыя ў вытворчасць, арыентыр на пэўны запыт прамысловасці, актыўнае ўкараненне.

За гэты час многае зроблена, але і свет увайшоў у новы віток развіцця. На з'ездзе сёння не проста звяраюць гадзіннікі, а гавораць аб праблемах, якія замінаюць прарыву, і галоўнае - аб перспектывах на наступныя гадоў 20 і нават больш. Ключавым дакументам стане сёння праект стратэгіі "Навука і тэхналогіі". Дакумент прайшоў грамадскае абмеркаванне. У ім выразна прапісаныя прыярытэты, а таксама інструменты, якія дапамогуць навуцы і навукоўцам развівацца. Як вынік беларусы атрымаюць новую якасць эканамічнага росту дзяржавы і выхад на сусветны ўзровень у шэрагу кірункаў.

Чакаецца, рэалізацыя стратэгіі да 2040 года дасць навукаёмістасць ВУП 3 %, а доля прарыўных даследаванняў і распрацовак узрасце да 30 % у агульным аб'ёме.