Сёння міжнароднае свята медыцынскіх сясцёр

12 мая 2013

Упершыню адзначаць яго пачалі амаль паўстагоддзя таму ў дзень нараджэння адной з заснавальніц службы сясцёр міласэрнасці. Традыцыйна ў  рамках знакавай падзеі ў сталічных паліклініках праходзяць святочныя мерапрыемствы і спаборніцтвы, каб вызначыць лепшую медсястру.


 


На конкурсе ў  паліклініцы № 5 пабывала Аляксандра Драгун


На дзве гадзіны знялі белыя халаты і выйшлі на сцэну... медыцынскія сёстры 5-й сталічнай паліклінікі. Нагодай для пераўтварэння стаў Міжнародны дзень медыцынскага персаналу.


Удзельніц выбіралі невыпадкова. Чатыры старшыя медсястры не толькі прафесіяналы сваёй справы, але ветлівыя, чулыя жанчыны. Стаж толькі адной канкурсанткі складае поўныя 18 гадоў.


Выбіраць лепшую медсястру будуць у пяць этапаў. Прычым, не толькі па прафесійных якасцях, але і артыстызме, пачуцці гумару, грацыёзнасці. Акрамя традыцыйнай прэзентацыі, удзельніц чакаюць пытанні на медыцынскую тэму, канкурсанткі прадэманструюць хатнія заданні, а напрыканцы нават станцуюць вальс.


У межах свайго прафесійнага свята не забыліся пра яшчэ адну знакавую падзею – Дзень Перамогі. Напачатку канцэрту ўшаноўвалі ветэранаў, якія жывуць у Маскоўскім раёне і адносяцца да гэтай паліклінікі. Не засталіся ў даўгу і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.


Калектыў хоць і сфарміраваўся нядаўна (тры гады таму), але, прызнаюцца яго ўдзельнікі, за гэты час сталі адной сям’ёй. Таму і да конкурсу рыхтаваліся разам: прыдумвалі сцэнічныя вобразы, складалі вершы, перакладалі песні, ставілі танцы і выбіралі сукенкі. Цяпер жа трымаюць адна за адну кулачкі.