Сёння мядовы Спас

14 августа 2013
Сёння вернікі панясуць у храмы мёд, а пчаляры пачнуць збор новага ўраджаю. На праваслаўным і народным календарах - мядовы Спас. У гэтым свяце спрадвеку заключана вялізнае духоўнае значэнне і даўнія бытавыя традыцыі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Наталля Бардзілоўская пра самае салодкае свята лета.

Мядовы - адзін з трох Спасаў - святаў, прысвечаных Ісусу Хрысту. Вытокі гэтага свята ў Грэцыі. Калі гарачымі жнівеньскімі днямі старажытны Канстанцінопаль пакутаваў ад спякоты і распаўсюджвалася вялікая колькасць розных хвароб, узнік звычай выносіць з храма Святой Сафіі часцінку Крыжа, на якім быў распяты Збавіцель. Гэта рабілі з мэтай асвяціць людзей і ўвесь горад.

З тых часоў 14 (па старым стылі - 1) жніўня праваслаўныя ўшаноўваюць Знясенне святыхдрэў Жыватворнага Крыжа Гасподняга.

Святар Сергій Арлоў: Для праваслаўнага чалавека гэты дзень - пачатак Успенскага посту, і мы ўваходзім у гэты дзень, успамінаючы некалькі падзей. Мы ўспамінаем у гэты дзень Знясенне Жыватворнага Крыжа Гасподняга, яшчэ ў гэты дзень мы ўспамінаем Старазапаветных героеў Макавеяў.

У народзе мядовы Спас называюць Ласуном. Гэта самае салодкае свята лета, бо ў гэты дзень пчаліныя вуллі звычайна да канца напоўненыя, і пчалярам трэба заламаць першыя соты. З мёдам гаспадыні пякуць святочныя пернікі, пірагі, з мёдам ядуць бліны. Паводле прымаўкі, на Першы Спас і бедны мядку паесць. Акрамя таго, мядовы Спас - ён жа Макавы.

А яшчэ Спас мокры ці Спас на вадзе - вада сёння лічыцца асвечанай: па традыцыі прынята чысціць калодзежы, хадзіць да крыніц і купацца. Хаця менавіта з гэтага дня лічылася - лета канчаецца, набліжаецца восень. Зрэшты, наперадзе свята асвячэння пладоў - яблычны Спас і ўшанавання збожжа - Спас хлебны.