Сёння маленькіх беларусаў віншавалі па ўсёй краіне

1 июня 2015

У кожным кутку краіны падрыхтавалі віншаванні, святочныя канцэрты, конкурсы і спартыўныя марафоны. Зараз у Беларусі - амаль мільён васемсот тысяч маленькіх грамадзян. І менавіта ад іх залежыць, якой будзе будучыня нашай краіны.

Што ж неабходна для шчаслівага дзяцінства - ісціну з вуснаў малых пачуў Аляксандр Харавец.

Звонкі смех, танцы і весялосць. Сёння сталіца ператварылася ў сапраўдны горад дзяцінства. На пляцоўцы маладзёжнага цэнтра "Ранак" - танцавальны флэшмоб. А яшчэ інтэрактыўныя конкурсы. Сярод удзельнікаў не толькі дзеці, але і аўтаінспектары разам з бізнесменамі.

А на найбуйнейшым у СНД і Усходняй Еўропе заводзе па вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі дзецям прапанавалі заняць месцы сваіх бацькоў. Так, са звычайных школьнікаў яны ператварыліся ў вадзіцеляў, канструктараў, юрыстаў і нават дырэктараў. Пасля "працоўнага дня" - шоу гіганцкіх машын.

Не застаўся ўбаку і прыватны бізнес. Так у казцы сёння апынуліся і дзеці са шматдзетных сем'яў сталіцы. У адным з гарадскіх караоке-клубаў яны спрабавалі сябе ў ролі папулярных беларускіх і замежных выканаўцаў, пасля вызначылі, хто лепш за ўсіх гуляе ў більярд.

У Гродне казачныя персанажы разам з дзецьмі выйшлі на галоўную вуліцу горада. Свята пачалося з дзіцячага парада. Больш як трыста школьнікаў з паветранымі шарамі прайшлі ў кампаніі герояў мультфільмаў. Гэта першы і пакуль адзіны ў Беларусі выключна дзіцячы парад. А пажаданні і мары ў яго галоўных удзельнікаў цалкам дарослыя.

Святлана і Барыс Міцкевічы - дораць шчасце самым маленькім. Ужо некалькі гадоў сям'я выхоўвае 11 дзяцей, сярод іх - 9 прыёмных. І сёння ў самае галоўнае для іх свята - атрымалі доўгачаканы падарунак - ключы ад новага дома. Павіншаваць шматдзетную сям'ю ў аграгарадок Александрыя прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый. Не з пустымі рукамі - а з падарункамі.

Валерый Малашко, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама: "З 2003 года сям'я Міцкевічаў займаецца прафесійным бацькоўствам. Прафесіяналізм заключаецца, у першую чаргу, - дарыць цяпло і ўтульнасць, і ласку тым дзецям, якія ў сілу розных жыццёвых акалічнасцяў апынуліся па-за сваім бацькоўскім домам".

Такіх дзяцей сёння ў краіне крыху больш за 20 тысяч. Практычна 80% з іх жывуць у дамах сямейнага тыпу. Дзе знайшлі сваіх сапраўдных бацькоў, цяпло і клопат.

У штогадовым рэйтынгу "Індэкс мацярынства - 2015" наша краіна займае 25-е месца, апярэджваючы ЗША, Японію і краіны СНД. У Беларусі дзейнічаюць і меры, накіраваныя на падтрымку сем'яў з дзецьмі. Гэта сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот. Акрамя гэтага, з 1 студзеня ў краіне запрацаваў праект "Сямейны капітал". Так, пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзіцяці сям'я атрымлівае 10 тысяч долараў.

Сёння ў Беларусі - амаль мільён восемсот тысяч маленькіх жыхароў. Але для таго, каб падарыць ім свята, не абавязкова чакаць вызначанай даты на календары.