Сёння іудзеі ўсяго свету сустракаюць Новы год

2 октября 2016

Свята носіць назву Рош ха-Шана, што ў перакладзе з іўрыту азначае "галава года". Яўрэйскі каляндар бярэ адлік ад стварэння свету. Для іудзеяў настане 5777 год. Рош ха-Шана святкуецца два дні, на працягу якіх, паводле традыцыі, не прынята працаваць. Мабыць, самы эмацыйны момант урачыстасці - абрад трублення ў шафар - духавы музычны інструмент з баранавага рога.

Давід Старобінскі, старшыня яўрэйскай рэлігійнай суполкі "Бэйс Ісраэль" г. Мінска: "Трэба прыйсці ў сінагогу, трэба настроіцца слухаць шафар, трэба надзець чыстае белае адзенне, трэба настроіцца на малітву, трэба ставіцца адзін да аднаго вельмі паважліва, таму што Усявышні гэта вельмі ацэньвае".

Іудзеі жадаюць адзін аднаму салодкага Новага года. На стол прынята падаваць салодкія стравы і садавіну: мёд, фінікі, гранаты і яблыкі. Навагоднюю трапезу пачынаюць з кавалачка халы - хлеба, які абмакваюць у мёд.