Трагедыя народа і ўсяго свету. Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня знішчэння Мінскага гета. Сярод чатырохсот месцаў прымусовага яўрэйскага пасялення, арганізаваных нацыстамі на нашых землях, менавіта ізаляцыя яўрэяў у Мінску вядомая як адна з самых маштабных і жорсткіх. На працягу двух з невялікім гадоў тут былі закатаваныя і забітыя каля ста тысяч прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці з Беларусі і Еўропы. Пасля ліквідацыі Мінскага гета многія з яго вязняў былі накіраваныя ў фашысцкія канцлагеры ў Польшчы, Германіі і Аўстрыі. Не ўсе дажылі да вызвалення, тым больш да сённяшніх дзён.
Навум Хейфец, былы вязень Мінскага гета: "У Мінскім гета я прабыў 2 гады і месяц. У Мінску былі заўсёдныя пагромы. Галадалі. Спачатку пайшла сястра ў сакавіку 1942 года, потым загінула маці. Было ў мяне 25 сваякоў - цёткі, дзядзькі, усе, хто быў у Мінску, ні адзін не выжыў".
Барыс Герстэн, намеснік старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і суполак: "Прайшло 75 гадоў і пройдзе яшчэ 75 гадоў, а праблема адносін паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў і рэлігій, паміж людзьмі застаецца. Гэта сумна, але часам гэтыя праблемы выліваюцца ў канфлікты. Урокі халакоста трэба ўспамінаць. Сыходзяць людзі, якія памятаюць гэтыя падзеі, і наша задача - перадаць гэтую памяць нашым дзецям і ўнукам".
У талерантнай Беларусі, дзе сёння ў добрасуседстве жывуць прадстаўнікі больш як 140 нацыянальнасцяў і 25 канфесій, журботнай даце прысвяцілі спецыяльную праграму. У рамках дзён памяці праходзяць кінапаказы, выставы, экскурсіі. Сёння ў мемарыяльным комплексе "Яма" ў Мінску пройдзе мітынг-рэквіем. Трагедыю і ўрок халакоста абмяркуюць на тэматычным круглым стале ў МЗС. Кульмінацыяй памятных мерапрыемстваў стане сённяшні вечар памяці ў Белдзяржфілармоніі і прыём у гонар былых вязняў гета і праведнікаў народаў свету.