Сёння Гомель святкуе дзень вызвалення

26 ноября 2020

У Гомелі сёння ўспамінаюць падзеі 77-гадовай даўнасці. 26 лістапада 1943 года горад стаў першым абласным цэнтрам Беларусі, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тады свае жыцці за свабоду Гомеля аддалі больш як 20 тысяч чырвонаармейцаў. Перамогу дапамагалі набліжаць і партызанскія злучэнні. Кропку ў бітвах байцы паставілі на берагах ракі Сож. Памяць вызваліцеляў сёння ўшанавалі на галоўным мітынгу Гомеля ля Вечнага агню і брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў. Тут ветэраны і маладое пакаленне ўсклалі жывыя кветкі ў памяць аб вызваліцелях Гомеля і тых, хто ўзнімаў яго з руін.

Да свята ў Гомелі таксама ўсталявалі мемарыяльныя пліты памяці Герояў Савецкага Саюза Дзмітрыя Пенязкова і Рыгора Дзенісенкі. Дарэчы, у іх гонар у абласным цэнтры названыя дзве вуліцы.