Сёння дзверы Ваеннай акадэміі адчыніліся для школьнікаў і іх бацькоў з усіх рэгіёнаў краіны

15 февраля 2014

Азнаёміцца з альма-матар прыехалі больш за сотню чалавек. Абітурыенты даведаліся аб планах прыёму ў вышэйшую навучальную ўстанову, правілах уступнай кампаніі і ўмовах навучання. Сёлета ў акадэмію плануецца набраць больш чым 500 курсантаў. Для іх на выбар будуць прадстаўлены 11 факультэтаў. Аднак для таго, каб узяць акадэмічную планку, аднаго жадання мала. Патрэбны выдатныя ацэнкі, хвацкае здароўе і добрая фізічная падрыхтоўка.


Сяргей Бобрыкаў, начальнік установы адукацыі Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь: Мы пераходзім на стандарты трэцяга пакалення. У нас актыўна будуць укараняцца ў навучанне інавацыйныя праграмы, усё самае новае і сучаснае, што ёсць у свеце, будзе ўкараняцца ў навучальны працэс акадэміі - новая тэхніка, новыя методыкі, ну і чакаем новых абітурыентаў у акадэмію.


Дні адчыненых дзвярэй тут праходзяць рэгулярна. Прычым такія сустрэчы праводзяцца ў некалькі этапаў. Абітурыенты могуць на свае вочы ўбачыць сапраўднае салдацкае жыццё. Школьнікам прадэманстравалі навучальныя аўдыторыі, зброю і ваенную тэхніку. Пасля гэтага любы жадаючы мог патрымаць у руках вінтоўку, пасядзець у танкавым трэнажоры і нават пастраляць па віртуальных мішэнях.


Адукацыя ў Ваеннай акадэміі папулярна не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. У галоўнай кузні ўзброеных кадраў Беларусі рыхтуюць афіцэраў і для армій іншых дзяржаў. Акрамя таго, больш чым 20 тысяч вайскоўцаў нашай краіны з'яўляюцца выпускнікамі менавіта гэтай ВНУ.