Сёння два дзіцячыя садкі адчынілі свае дзверы для маленькіх наведвальнікаў

6 сентября 2018

Установы абсталяваныя камп'ютарнымі класамі, трэнажорнымі заламі, басейнамі. Так паступова ў Цэнтральным і Фрунзенскім раёнах вырашаюць пытанне крокавай даступнасці ў новых мікрараёнах.

Чым гатовыя здзівіць сучасныя дашкольныя ўстановы, раскажа Юлія Токар. Гэтым маленькім мастакам няма і пяці гадоў, а яны ўжо ўпэўнена трымаюць пэндзаль і старанна акварэльнымі фарбамі выводзяць залатую восень.

Мастацкая студыя, басейн, музычная зала - і гэта не ўсе магчымасці новага дзіцячага садка ў Фрунзенскім раёне. Утульны трохпавярховы будынак сёння адчыніў дзверы для 230 маленькіх выхаванцаў.

Зручнаму месцазнаходжанню рада і матуля Ганна Шчарбачэня. Маладая сям'я цэлы год вазіла маленькую Яну ў садок на другім канцы раёна. Цяпер дашкольная ўстанова амаль у двары.

Яшчэ адно наваселле сёння ў Цэнтральным раёне. Такі ж умяшчальны дзіцячы сад адкрылі па вуліцы Мястроўскай. Пабудавалі яго менш чым за год з дапамогай турэцкіх інвестыцый.

Гэты дзіцячы сад можа смела пазмагацца за званне самага сучаснага. Тут не толькі басейн, міні-трэнажоры, камп’ютарны клас, тут пайшлі далей і абсталявалі веладарожкі з паркоўкай на паўсотню месцаў для двухколага транспарту.

На гэтым падарункі да Дня горада не скончыліся. Заўтра адкрываецца яшчэ адна дашкольная ўстанова ў Ленінскім раёне, а па вуліцы Выгоцкага - інтэрнат для сталічных медыкаў.