Сёння дзень нараджэння Гродна

15 сентября 2018

Жыхары і госці Гродна сёння акунуліся ў святочны марафон. Горад - юбіляр, яму споўнілася 890 гадоў. Дзень нараджэння абласнога цэнтра адзначаюць з размахам. Гасцінны горад сустрэў сёння і 60-тысячнага бязвізавага турыста. Гулянні з раніцы і да позняга вечара: вулічныя музыканты, гастранамічны фэст, спартыўныя спаборніцтвы, майстар-класы ад народных умельцаў і вогненнае шоу. Увогуле, забаўкі на любы густ. Фінальным акордам свята стане феерверк. Самыя яркія моманты - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Сёння Гродна ператварыўся ў адну вялікую святочную пляцоўку. Стартавалі ўрачыстасці з нагоды 890-годдзя горада на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Савецкай.

Вулічныя музыканты забаўлялі гасцей сваёй творчасцю, а народныя ўмельцы праводзілі майстар-класы для ўсіх ахвочых. У гістарычным цэнтры прайшоў гастранамічны фэст, на якім можна было паспытаць стравы, прыгатаваныя па фірмовых гродзенскіх рэцэптах. Вялікую ўвагу на свяце надалі развіццю дзіцячага спорту. Проста на вуліцах дзеці гулялі ў футбол, хакей і шахматы. Тут жа гараджане маглі запісаць сваіх дзяцей у спартыўныя секцыі і гурткі.

Да свайго юбілею Гродна змяніўся. Адкрыліся шматлікія сацыяльныя аб'екты, на вуліцах з'явіліся арыгінальныя арт-кампазіцыі. У цэлым эканоміка горада паспяхова развіваецца. А дзякуючы дзеянню бязвізавага рэжыму другое дыханне атрымала турыстычная сфера. Сёння па ўсім горадзе размясціліся шматлікія канцэртныя пляцоўкі з музыкай і песнямі на любы густ.

Завершацца ўрачыстасці вогненным шоу у цэнтральным парку і святочным феерверкам.