Сёння дзень нараджэння Беларускага тэлебачання

1 января 2016

Новы год вось ужо 60 гадоў прыходзіць да нас разам з выдатным святам - днём нараджэння Беларускага тэлебачання. Менавіта на першы дзень года прыпала новая эра - эра тэлебачання. 1 студзеня 1956 года - знакавая дата для гісторыі ўсёй краіны. З гэтага дня пачынаецца летапіс сучаснага эфіру. З юбілеем калектыў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

"Радасна, што галоўнымі героямі тэлеэфіру ўсе гэтыя гады былі і застаюцца людзі, чыя паўсядзённая праца забяспечвае сацыяльна-палітычную стабільнасць і эканамічнае развіццё, узбагачае айчынную культуру, умацоўвае нацыянальную бяспеку нашай дзяржавы. Мільёны гледачоў глядзяць на свет вачамі журналістаў і карэспандэнтаў, таму чакаюць ад вас кампетэнтнасці, глыбокіх ведаў і, вядома, сталасці ў прафесійных ацэнках падзей, што адбываюцца", - гаворыцца ў віншаванні.

За 60 гадоў выпушчаныя тысячы тэлеперадач, і столькі ж людзей за гэты час працавалі і працуюць кожны дзень у кадры і за кадрам.

Гістарычны шлях ад кінаплёначнай эры да лічбавых тэхналогій, а таксама трансфармацыя з саюзнага тэлецэнтра ў самастойны медыяхолдынг - у рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Будаўніцтва тэлестудыі ў Мінску пачалося ў 1952 годзе мінулага стагоддзя. Першы ў БССР тэлецэнтр узвялі на вуліцы Калініна, цяперашняя назва якой Камуністычная. Тэлевежу вышынёй 186 метраў цяжка было не заўважыць. Новая эра тэлебачання ў прамым сэнсе ўвайшла ў дамы.

1 студзеня 1956 года а 18-й гадзіне першай у гісторыі тэлебачання з экрана мінскіх тэлевізараў публіку павітала Тамара Бастун. Пачатак вяшчання беларускай студыі быў пакладзены.

За першымі эфірамі назіралі ўсяго некалькі тысяч гледачоў. Адзін з цэнтральных экспанатаў у музеі Беларускага тэлебачання на вуліцы Макаёнка, 9 - вось гэты прыгажун 1956 года выпуску. Дарэчы, дагэтуль працуе. Тэлерадыёла "Беларусь" з сумешчанай функцыяй прайгравальніка і прымальніка. Дэфіцытная па тых часах тэхніка.

А вось гэтыя чорна-белыя кадры тэлегледачы "Беларусь 1" бачаць упершыню. Відаць, і шэсць дзесяцігоддзяў таму таленты шукалі і запрашалі выступаць на тэлебачанні.

Сёння медыяхолдынг - гэта шэсць тэлевізійных кнопак. Усе яны вяшчаюць у лічбавым фармаце. Вышка ў Калодзішчах шмат гадоў перадае тэлесігнал у кожны дом.

За шэсць дзясяткаў гадоў вяшчання ў Беларускага тэлебачання з'явіў свой твар, а дакладна твары. Толькі вядучых "Добрай раніцы, Беларусь!" з 1998 года змянілася 50! Нязменным застаецца ўзровень прафесіяналізму. Тры гадзіны прамога эфіру і пад'ём а 4-й гадзіне раніцы вытрымае не кожны.

Белтэлерадыёкампанія яшчэ і самая моцная структура ў краіне па вытворчасці навін. АТН - абрэвіятура, знаёмая гледачам па тэлеэфірах. Каманда Агенцтва тэленавін рыхтуе больш як дзесяць выпускаў навін за дзень, без уліку гучных спецпраектаў.

І прама зараз гэтыя людзі працуюць за кадрам. Іх праца - гэта наш агульны беларускі эфір.