Сёння - Дзень Перамогі. Галоўныя ўрачыстасці пройдуць у Мінску каля стэлы "Мінск - горад-герой"

9 мая 2020
Гэты памятны комплекс на ўзвышшы ў парку Перамогі - як сімвал сілы духу беларусаў. Тут традыцыйна адбываецца сустрэча пакаленняў, эстафета міру. А яшчэ гэта месца памяці герояў-пераможцаў.

Што зараз адбываецца ля стэлы "Мінск - горад-герой", даведаемся ў нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк (прамое ўключэнне).  Тут ідуць апошнія падрыхтоўкі да святочнага парада. Надвор'е сёння, як бачыце, сонечнае, але пры гэтым не горача. Так што тым, хто вырашыць паглядзець усё ўвачавідкі, будзе камфортна. Рух транспарту ўжо перакрыты. Сюды падцягваецца і тэхніка, і пешыя калоны, якія будуць удзельнічаць ва ўрачыстасцях. Яны выстройваюцца крыху наводдаль, рыхтуючыся маршыраваць перад гледачамі, якія прыйдуць на парад. Пачатак у 11:00. Мы зараз знаходзімся перад цэнтральнай трыбунай. Насупраць яе - святлодыёдны экран. Колеры - чырвоны і залаты. Яны сімвалізуюць Сцяг Перамогі і медалі і ордэны герояў Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязней пра тэхніку і рады войскаў, якія прымаюць удзел у парадзе, распавядуць мае калегі, якія знаходзяцца побач з калонай. 

Учора ўвечар тут прайшла генеральная рэпетыцыя сённяшніх урачыстасцяў, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі. У нас ёсць кадры выніковага прагону, калі вайскоўцы чаканілі крок, тэхніка трымала дыстанцыю, а рэжысёры прыстрэльваліся па карцінцы, шукалі лепшыя ракурсы, каб сёння ўсё паказаць найлепшым чынам  падчас тэлетрансляцыі. Зараз па кадрах якраз мы бачым, як усё прайшло напярэдадні. У ваенным парадзе ўдзельнічаюць каля 4 000 вайскоўцаў, сучасная тэхніка нашай арміі і, вядома, легендарныя ваенныя машыны 40-х гадоў мінулага стагоддзя, напрыклад, танк Т-34 - герой Вялікай Айчыннай. Чакаем і паветраны парад, як жа без гэтага відовішчнага дзейства.

Усё гэта каля стэлы "Мінск - горад-герой". Але ўпэўненая, нашы рэжысёры і аператары зробяць усё, каб і ў гледачоў, якія вырашылі глядзець парад дома, было адчуванне, што яны за ўсім, што адбываецца, назіраюць з першага рада. Тут працуюць тры перасоўныя тэлевізійныя станцыі. А тыя, хто вырашыў убачыць парад ужывую, могуць ужо падыходзіць, выконваючы меры бяспекі. Не браць з сабою алкаголь, колюча-рэжучыя прадметы. Тут металашукальнікі на ўсіх пунктах падыходу да месца святочных мерапрыемстваў. Вядома, не трэба браць з сабою вялікія торбы, можна ваду да паўлітра і антысептыкі, улічваючы рэаліі цяперашняга часу. Нагадаем, галоўныя ўрачыстасці стартуюць тут роўна ў 11:00. Прыкладна праз гадзіну, да ўрачыстасцяў, мы распавядзём, што адбываецца каля галоўнай трыбуны, і чакаем вядучых у гасцях святочнага парада. Белтэлерадыёкампанія пачне прамую трансляцыю парада ў 10.50.