Сёння дзень памяці Ефрасінні Полацкай

5 июня 2015

Сёння дзень памяці першай беларускай жанчыны, прылічанай да сонму святых - Ефрасінні Полацкай. Праславілася заступніца Беларусі сваёй міратворчай і асветніцкай дзейнасцю. На землях Полацкага княства яна заснавала шэраг духоўных устаноў, якія сталі асяродкам культуры і адукацыі. Між тым ушаноўваюць прападобную хрысціяне ўсяго свету. А таму ў гэты дзень у Полацк, як духоўны цэнтр, прыбываюць тысячы вернікаў. Вось і сёння тут усё вышэйшае духавенства Беларусі і тысячы паломнікаў з многіх краін свету. Пра ўшанаванне святой у сценах полацкага манастыра - Алена Борматава.

Праводзіць святочныя службы па старажытных канонах у гонар святой Ефрасінні Полацкай сталі яшчэ напярэдадні. Дзень памяці святой - духоўнае свята, якое аб’яднала нацыю. У манастыр, заснаваны прападобнай, з’язджаюцца тысячы паломнікаў і ўсё вышэйшае духавенства - епіскапы, архіепіскапы, экзархі.

Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі: "Прападобная Ефрасіння першая згадваецца ў спісе святых нашых нараўне з асветнікамі полацкімі. Але разам з тым прападобная Ефрасіння за кошт аскетычнага, падзвіжніцкага жыцця паказала сілу подзвігу хрысціянскага і ўсяго духу".

Гэта, бадай, больш выключэнне, чым правіла, калі так урачыста шануюць святую не на дзень яе нараджэння, а на дзень яе паўстання перад Богам. Ефрасінні не стала менавіта 5 чэрвеня ў Іерусаліме. Там яна і была пахавана. Аднак з-за ваенных дзеянняў святыя мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе захоўваліся амаль 8 стагоддзяў.

Толькі 105 гадоў таму мошчы святой Ефрасінні вярнуліся на родную зямлю. Іх змясцілі ў сярэбраную раку, сродкі на якую ахвяравалі ўсе епархіі нашых зямель. Аднак пасля рэвалюцыі і падчас кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў рака разам з крыжам Ефрасінні Полацкай былі ліквідаваны. А мошчы адпраўлены ў Віцебскі краязнаўчы музей. Зараз святая змешчана ў новую сярэбранаю раку, вырабленую сучасным майстрам-ювелірам Кузьмічом. Каштоўны метал на яе выраб спецыяльным указам Прэзідэнта Беларусі быў выдаткавы з дзяржфонду.

У гэтыя дні прытулак, заснаваны Ефрасінняй, прымае тысячы паломнікаў і вернікаў з многіх краін свету. Разам з сёстрамі яны не толькі моляцца святой, але і ўпрыгожваюць манастыр да свята. Абавязковы атрыбут - сцежка з зеляніны і кветак. Вернікі і яе лічаць святой. Многія ступаюць босымі нагамі і збіраюць траву як святыню.

Царкоўныя службы ў Полацкай Сафіі не служаць амаль сто гадоў. Старажытны храм вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў як музей. І толькі раз на год - 5-га чэрвеня - робяць выключэнне. Літургіі вядуць у гонар апякункі Беларусі - святой Ефрасінні Полацкай.

Менавіта ў Сафійскі храм прыйшла 12-гадовая Прадслава - свецкае імя полацкай княжны, каб служыць Богу. Прыняла пострыг з імем Ефрасіння, у маленькай келлі ў адной са сцен Сафіі малілася і займалася перапісваннем кніг. Дзе дакладна знаходзілася келля святой, сёння невядома. Справа ў тым, што ў напачатку 18-га стагоддзя - у 1710-м - храм быў знішчаны. Узарваўся порах, які там захоўваўся. А пасля аднаўлення Полацкая Сафія стала зусім другой - такой, як мы бачым яе сёння. Тут прайшла архірэйская літургія, а затым хрэсны ход.

Людзі і духавенства пешшу ішлі ад Сафійскага сабора да манастыра, заснаванага Ефрасінняй. Да іх на кожнай вуліцы далучаліся вернікі і жыхары Полацка. У манастыр хрэсны ход заходзіў пад звон.

Літургія пад адкрытым небам. На ёй вернікі розных канфесій і розных узростаў. Тысячы людзей. Яны адмыслова прыехалі ў Полоцк - духоўную калыску адной з самых шанаваных святых свету - Ефрасінні Полацкай, каб ступіць на намоленую вякамі і мільёнамі людзей зямлю.