Сёння Дзень касманаўтыкі

12 апреля 2016

Напярэдадні свята стала вядома, што беларускі касмічны апарат зрабіў вакол Зямлі ўжо больш як 20 тысяч віткоў і сэканоміў краіне мільёны долараў.

У Акадэміі навук у Цэнтры кіравання палётам расказалі, што апарат, дзякуючы запуску якога ў ліпені 2012 года, наша краіна стала касмічнай дзяржавай, на арбіце ўжо чатыры гады. Яго афіцыйны гарантыйны тэрмін эксплуатацыі сканчаецца ў сярэдзіне наступнага года. І літаральна напярэдадні навукоўцы правялі ацэнку стану бартавых сістэм спадарожніка. Стала вядома, што зношваецца ён значна больш павольна, чым планавалася, запас паліва ёсць яшчэ мінімум на тры гады.

Нядаўна ў нашай краіне стварылі агенцтва касмічных даследаванняў. Беларускае НАСА будзе не толькі кантраляваць і каардынаваць працу першага беларускага спадарожніка, але і стварэнне і запуск другога, які ў космас паляціць ужо ў 2019 годзе.