Сёння Дзень грамадзянскай авіяцыі

3 ноября 2019
Сёння Дзень грамадзянскай авіяцыі - прафесійнае свята людзей, якія не толькі 24 гадзіны за суткі пакараюць неба, але і  дапамагаюць усім ахвотнікам пераадолець сілу прыцягнення.

Мы спыталі ў пілотаў самалёта і верталёта, авіядыспетчара і борправадніка,  што іх цягне ў неба, чаму так важна своечасова прызямліцца.

Надзея Сербіненка сустрэлася з тымі, хто заўсёды лунае дзесьці ў аблоках, але так, што мы не баімся давяраць ім свае жыцці.

Выпускнік эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "банкаўская справа" не прапрацаваў ніводнага дня. Любімую справу жыцця Андрэй знайшоў у небе. 

Андрэй Мацюшка, пілот самалёта: "Авіяцыя - гэта тое захапленне, якое перарасло ў хобі, гэта дзе я адчуваю сябе шчаслівым кожны дзень".

Свой самалёт, а неўзабаве  і ўласная школа пілотаў - і ўсё гэта ў 34.

Андрэй Мацюшка, пілот самалёта: "Мець магчымасць рыхтаваць сваіх грамадзянскіх пілотаў - добрая ідэя і наспеўшая неабходнасць у Рэспубліцы Беларусь".

Паміж пілотамі ўсіх паветраных судоў ёсць асаблівая прафесійная салідарнасць, ці то пілот самалёта, знішчальніка, дырыжабля або верталёта. Дарэчы, менавіта пілотаў верталётаў называюць эквілібрыстамі. Яны могуць разлічыць пункт пасадкі да сантыметра 

Іван Каваленка - адзін з самых вопытных пілотаў верталёта ў краіне. За спінай  40 гадоў палётаў, сотні баявых вылетаў,  у тым ліку на верталётах МНС. Зараз  у прыярытэце прыватныя палёты і навучанне пілотаў.

Адказваць толькі за сваё жыццё і часам рызыкаваць ім - доля аматараў экстрыму. Але такой авантурнай раскошай не валодаюць экіпажы вялізных  Boeing і Embraer. Бо ад іх прафесіяналізму залежыць не адна, а сотні жыццяў. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгрываюць бортправаднікі.

Кацярына Гнядзько   працуе бортправадніком ужо 5 гадоў. Для яе неба - гэта звыклае месца працы. А турбулентнасць і перапады ціску - далёка не самыя цяжкія выпрабаванні. 

У авіяцыі ёсць такая фраза: галоўнае, каб колькасць узлётаў супадала з колькасцю пасадак. Чыстага неба і мяккай пасадкі жадаем усім авіятарам і пасажырам.