Сёння дзень чарнобыльскай трагедыі

26 апреля 2018

Падзея ў сусветнай гісторыі, якая закранула адразу некалькі краін і кардынальна змяніла жыццё мільёнаў чалавек. 32 гады таму адбылася адна з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф - аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Сёння плошча беларускай тэрыторыі, забруджанай цэзіем і стронцыем, скарацілася ў два разы. На аднаўленне гэтых участкаў з дзяржбюджэту ўжо накіравана больш як 25 мільярдаў долараў. Палова гэтых сродкаў ідзе на сацыяльную абарону насельніцтва і медабслугоўванне. Пабудаваны 69 тысяч кватэр, дзіцячыя сады, бальніцы, пракладзены дарогі. Акрамя таго, пасля занясення змяненняў у закон плануецца арганізаваць спецыяльныя экскурсіі ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Пётр Нікалаенка, намеснік начальніка дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі:

"Мы разглядаем магчымасць наведвання запаведніка менавіта з інфармацыйнымі мэтамі. Ужо часткова прапрацаваны маршруты, па якіх можна будзе правесці нашых турыстаў. Ёсць цікавыя чырванакніжныя птушкі, цікавыя расліны, вельмі шмат зуброў у запаведніку. Ёсць што паглядзець для аматараў флоры і фаўны".

За найбліжэйшыя два гады на тэрыторыі Палескага запаведніка створаць аўтаматызаваную сістэму радыяцыйнага і пажарнага кантролю. 31 вышку абсталююць камерамі відэаназірання і спецыяльнымі датчыкамі. Акрамя таго, у маі плануецца правесці трансгранічныя вучэнні паміж ратавальнікамі Беларусі і Украіны

Нагадаем, 23 % тэрыторыі нашай краіны пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Дагэтуль вядуцца работы па рэабілітацыі забруджаных плошчаў, сацыяльная палітыка накіравана на паляпшэнне жыллёвых умоў пацярпелых і ліквідатараў ЧАЭС, а таксама іх медыцынскае аздараўленне.

У Беларусі сёння працуюць каля 800 лабараторый радыяцыйнага кантролю харчовай прадукцыі. Спецыялісты рэкамендуюць купляць натуральную прадукцыю толькі на рынках, а не ў стыхійных месцах продажаў ці ля дарог.

Хто і як рэанімуе землі, сочыць за разнастайнасцю жывёльнага і расліннага свету - глядзіце на нашым сайце tvr.by, а таксама на YouTube-канале АТН.