Першым у далёкае і рызыкоўнае падарожжа адправіўся капітан асабістага складу. Аляксей Гайдашоў будзе суправаджаць наш груз вагай 40 тон на судне "Акадэмік Фёдараў" ад берагоў Германіі. Гэта абсталяванне, паліва, прадукты харчавання, медыкаменты, але галоўнае - другі аб'ект беларускай палярнай станцыі. У гэтым сезоне плануецца ўсталяваць платформу і некалькі секцый. Гэта будзе асноўны службова-жылы модуль.
Аляксей Гайдашоў, кіраўнік беларускай антарктычнай экспедыцыі: "Тэндэнцыя павінна быць такая, што гэты пункт адліку трэба ператварыць у паўнавартасны комплексны аб'ект. Для таго каб беларускія навукоўцы як у сваёй дзейнасці, так і ў міжнародных праграмах не рабілі навуку на калене. А выконвалі яе ў добрых умовах з той жа эфектыўнасцю, якая патрабуецца ў наш час".
Два тыдні таму на міжнароднай канферэнцыі беларуская палярная база "Гара Вячэрняя" афіцыйна зарэгістраваная як лідарная станцыя. На ёй можна праводзіць дасканалыя даследаванні змены клімату. Такіх комплексаў у Антарктыдзе ўсяго тры. Паводле слоў Гайдашова, важныя не толькі даследаванні, але і практыка. У нашых навукоўцаў ёсць напрацаваная база і выдатныя перспектывы ў даследаваннях мікрабіялогіі, біярэсурсаў узбярэжных вод і карысных выкапняў Шостага кантынента.













