Сёння беларусы перажылі адну з самых халодных начэй сёлета

8 февраля 2017

Арктычны антыцыклон "Эрыка" прынёс анамальныя халады, а ў асобныя рэгіёны- моцныя снегапады і завеі. Толькі за ноч у Брэсце выпала траціна дэкаднай нормы ападкаў. Маразы выпрабавалі на трываласць жыхароў Віцебскай і Магілёўскай абласцей. У асобных рэгіёнах тэмпература апусцілася да -28 градусаў. Ці варта чакаць пацяплення і якой будзе вясна? Прагнозы даведвалася Марына Раманоўская.

Марозны прагноз у мінчанкі Эрыкі Крыўчэні выклікае добры зімовы настрой. Жанчына жартуе, што нарэшце сустрэла сваю цёзку. Арктычны антыцыклон з жаночым імем прынёс у Беларусь анамальныя халады.

Больш за ўсіх прачулі марозны характар "Эрыкі" жыхары Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Тут сярэднясутачная тэмпература апынулася на некалькі градусаў ніжэйшай за кліматычную норму. Уначы слупок тэрмометра ў асобных раёнах паказваў мінус 28.

Наталля Трашкова, інжынер-сіноптык Віцебскага аблгідрамета: "Рэкорды холаду пабітыя не былі. Так, 8 лютага 1947 года ў начныя гадзіны астуджэнне паветра дасягала 31 градуса, а ў гэты ж дзень 1956 года днём мароз узмацняўся да мінус 20".

І хоць у паўночным рэгіёне арктычны антыцыклон не пабіў марозных рэкордаў, некаторых аўтааматараў лютаўскі мінус усё ж заспеў знянацку ў дарозе.

Медыкі раяць: у такое надвор'е лепш наогул устрымацца ад паходаў на вуліцу. Прагулка ў моцны мінус можа павярнуцца халадовай траўмай або абмаражэннем.

А вось у Брэсцкую вобласць цыклон прынёс моцны снегапад і завеі. Толькі за ноч тут выпала траціна дэкаднай нормы ападкаў. Больш за ўсё - у абласным цэнтры. У горадзе на расчыстку вуліц выйшла каля сямідзесяці адзінак тэхнікі. Са снегам змагаюцца больш як шэсцьсот дворнікаў.

Аляксандр Ільяшук, намеснік генеральнага дырэктара ЖКГ г. Брэста: "Гэтая сітуацыя была чаканая. Мы ўжо ў ноч працавалі ў поўным рэжыме. На сёння працуе 25 машын, якія расчышчаюць праезныя часткі. Адзінкавыя машыны будуць працаваць па астатніх вуліцах. У першую чаргу там, дзе рухаецца грамадскі транспарт. Гэта значыць наша задача, каб былі праезныя вуліцы".

А вось для аматараў зімовага віндсёрфінгу арктычны антыцыклон стаўся дарэчы. У Салігорску спартсмены выйшлі на лёд гарадскога вадасховішча. Марознае і снежнае надвор'е сёння дапамагло кожнаму ўстанавіць свае міні-рэкорды.

Паводле слоў спецыялістаў, да выхадных у Беларусі пацяплее. Сіноптыкі прагназуюць камфортны мінус з зімовым сонцам. Але ўсё ж чакаць прыходу вясны пакуль яшчэ рана.