Сёння 77-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны

22 июня 2018

Асаблівая атмасфера ў гэтую журботную дату ў Брэсцкай крэпасці-героі. Жалобная цырымонія тут пачалася а палове чацвёртай раніцы. Бо менавіта на самым заходнім фарпосце краіны досвіткам 22 чэрвеня ў 41-м пагранічнікі і абаронцы цытадэлі першымі прынялі на сябе ўдар праціўніка. Ушанаваць памяць загінуўшых, успомніць аб мужнасці савецкіх салдат у мемарыяльны комплекс прыйшлі тысячы людзей. У тым ліку, замежныя дэлегацыі з Расіі, Казахстана і Украіны. Да Вечнага агню людзі нясуць кветкі і запальваюць свечкі.

Уладзімір Чарненка, удзельнік мітынгу-рэквіема (Расія): "Наша дэлегацыя прыбывае на гэтае памятнае мерапрыемства ўжо трэці год запар для таго, каб ушанаваць памяць нашых бацькоў і дзядоў, якія для нас абаранілі нашу зямлю. А нам у Калінінградзе яшчэ і заваявалі. Савецкі Саюз паклаў 27 млн жыццяў на алтар гэтай Перамогі. І, я думаю, што аб гэтым ніколі нельга забываць".

Досвіткам на Кобрынскім умацаванні крэпасці зноў раздаліся стрэлы і выбухі. Ключавыя эпізоды штурму і абароны цытадэлі ўзнавілі каля 500 рэканструктараў з 11-ці краін. Падчас напісання сцэнарыя арганізатары абапіраліся на ўспаміны ветэранаў і сведак. Паглядзець на навочны ўрок гісторыі прыйшлі тысячы гледачоў.