Зрабіць жыццё асаблівых дзяцей лягчэйшым

27 августа 2015

Новы метад барацьбы за здароўе маленькіх беларусаў з дыягназам ДЦП пачалі выкарыстоўваць беларускія медыкі. У аснове нестандартнага курсу лячэння - ствалавыя клеткі. Пра першыя поспехі - Юлія Грызунт.

Яны могуць пераўтварацца ў любыя клеткі чалавечага арганізма, і менавіта гэтую магчымасць ствалавых клетак нашы медыкі вырашылі выкарыстаць, каб дапамагчы дзеткам са складаным дыягназам ДЦП. Сваякі першай пацыенткі зараз расказваюць: урачы нават не меркавалі, якія вынікі іх чакаюць.

Сутнасць складанага механізма працы ствалавых клетак - стварыць у хворых органах дзіцяці здаровыя ўчасткі, якія ў працэсе рэабілітацыі навучаюцца ўсяму нанава. І эфект захоўваецца на ўсё жыццё.

Леанід Шалькевіч, загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук: "Ствалавыя клеткі ствараюць свайго роду запас, падушку бяспекі, на якой рэабілітацыйныя методыкі аказваюць больш выяўлены эфект, чым калі мы гэтыя ствалавыя клеткі не ўводзім. Таму, калі ўвесці гэтыя ствалавыя клеткі, сядзець і чакаць, то ніякага эфекту мы не ўбачым, калі праводзіць звычайныя мерапрыемствы, эфект мы ўбачым, калі мы сумяшчаем ствалавыя клеткі і рэабілітацыйныя мерапрыемствы, эфект значна паляпшаецца".

Донарамі часцей за ўсё выступаюць бацькі пацыентаў. Матэрыял для працэдуры вырошчваецца анколагамі ад 2 тыдняў да месяца, колькасць ствалавых клетак павінна дасягнуць аднаго мільёна. Дарэчы, пабочных эфектаў ад новага метаду лячэння пакуль не было ўстаноўлена як у Беларусі, так і ва ўсім свеце.

Новы метад быў уведзены роўна год таму. За гэты час 5 пацыентам з дыягназам ДЦП былі падсаджаны ствалавыя клеткі. Назіранне за імі працягваецца. Медыкі адзначаюць сур’ёзныя паляпшэнні ў руху і маўленні дзяцей.

Тое, што барацьбу за здароўе маленькіх беларусаў з дапамогай гэтага метаду ўрачы працягнуць, сумнення амаль няма. Больш за тое, ісці далей медыкі плануюць адразу ў двух накірунках. Першы і асноўны - лячэнне больш складаных форм ДЦП, нягледзячы на тое што яны сустракаюцца толькі ў 20% выпадкаў, другі - лячэнне іншых захворванняў нервовай сістэмы спосабам падсаджвання ствалавых клетак.