Пачнём з прыемнай спартыўнай навіны - ужо гістарычнай падзеі. На чэмпіянаце свету па хакеі наша зборная разграміла шведаў. Нягледзячы, на тое, што паядынак у Рызе завяршыўся з мінімальным лікам 1:0, гэта проста выдатны вынік, бо апошні раз мы асільвалі шведаў на топ-турнірах 19 гадоў таму - на Алімпійскіх гульнях у Солт-Лейк-Сіці. Адзіную і пераможную шайбу ў самым пачатку трэцяга перыяду закінуў Герман Несцераў.
Больш за тое, гэта перамога над шведамі стала першай для беларусаў на чэмпіянатах свету. Ужо сёння каманда Міхаіла Захарава зноў выйдзе на лёд, каб пазмагацца з чэхамі, якія ўжо пацярпелі два паражэнні. Пачатак сустрэчы ў 20:15, прамая трансляцыя - на "Беларусь 5". Хварэем за нашу каманду!













