Збор карысных лясных дароў у самым разгары

23 сентября 2016

Зараз жыхары Мінскай вобласці ходзяць па журавіны. За першыя два тыдні раённыя спажыўкааперацыі паспелі нарыхтаваць 20 тон вітаміннага прадукту. Лідзіруе Салігорскі раён, там 9 тон, паспяхова ягадны марафон падхапілі Лагойскі і Вілейскі раёны. Там больш за дзве тоны. Менавіта гэтыя мясціны лічацца самымі ўрадлівымі ў вобласці. На балота па журавіны адправілася і наша здымачная група.

Самыя ягадныя плантацыі Святлана Гарыніна ведае амаль што з заплюшчанымі вачамі. Кожны сезон жанчына адпраўляецца па карысныя лясныя дары: у ліпені збірае чарніцы, у жніўні - брусніцы, а сёння раніцай прыйшла на балота па журавіны. Барвовымі ягадамі літаральна за паўгадзіны напаўняе пяцілітровае вядро.

Гэтыя балоцістыя мясціны плошчай дзевяць гектараў у Вілейскім раёне лічацца самымі ўрадлівымі. Галоўнае, як кажуць леснікі, ведаць ягадны маршрут і загадзя падрыхтаваць экіпіроўку. На балота – толькі ў гумовых ботах.

У пачатку сезона ў гэтых мясцінах днём людзі збіраюць да тоны карыснага прадукту. Такое надвор'е лічыцца самым спрыяльным. У гэты час ягада самая спелася і багатая на вітаміны.

Сезон збору журавін распачаўся два тыдні таму. Але ж знайшліся і тыя, хто датэрмінова рушыў на балоты. За такімі нядобрасумленнымі наведвальнікамі пільна сочаць леснікі. Сёлета ім дапамагаюць дадатковыя вочы - дыстанцыйныя квадракоптары. Яны дазваляюць у рэжыме анлайн фіксаваць парушальнікаў.

Журавіны багатыя вітамінамі, асабліва А і С, а таксама мінераламі – каліем, кальцыем і фосфарам. Таму журавіны маюць і адпаведную цану. У нарыхтоўчых пунктах за літр кіслай ягады даюць 2 рублі 20 капеек.

За першыя два тыдні прадпрыемствы спажыўкааперацыі паспелі нарыхтаваць 20 тон карыснага прадукту. Да канца сезона плануюць закупіць у насельніцтва яшчэ сто. Пакуль у журавінавым марафоне лідзіруюць Салігорскі, Вілейскі і Лагойскі раёны.