Санітарная служба праверыць стан усіх аб'ектаў цэнтральнага рэгіёна

2 мая 2016

Санітарная служба праверыць стан усіх аб'ектаў цэнтральнага рэгіёна - як прыватныя падворкі, так і месцы агульнага карыстання, а таксама тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый. Такім чынам падвядуць вынікі навядзення парадку і чысціні. З пачатку года санітарныя службы праверылі ўжо амаль 20 тысяч аб'ектаў. Падрабязнасці ў Антаніны Станкевіч.

Лідзія Сасноўская з самай раніцы ў двары. І хоць здаецца, што на клумбе ў гаспадыні ідэальны парадак, уважлівае вока заўважае некалькі травінак пустазелля. Уладальніца ўзнагароды "Лепшае падвор'е раёна" падтрымлівае чысціню зусім не для таго, каб адпавядаць ганароваму статусу.

Зусім не горш выглядае і суседні двор. Не толькі клумбы і градкі, але і зялёная зона за плотам - у ідэальным стане. Хатняй работы шмат, прызнаецца гаспадыня Ганна Аўласенка. Аднак жыць хочацца менавіта ў чысціні і прыгажосці.

А вось стан гэтага двара зусім далекі ад ідэала. Старшыня Смілавіцкага сельсавета разводзіць рукамі. Літаральна ў кожнай вёсцы - 2-3 такія гаспадаркі. Вось і ў гэтым доме людзі даўно не жывуць, але выпісацца не спяшаюцца, як і даглядаць за тэрыторыяй побач.

Толькі у Чэрвеньскім раёне каля 50 такіх праблемных падвор'яў. Мясцовыя ўлады робяць усё, каб угаварыць гаспадароў прывесці двары ў парадак.

Зараз санітарныя службы раёнаў правяраюць не толькі прыватныя падвор'і, але і месцы агульнага карыстання, а таксама тэрыторыі, якія належаць прадпрыемствам і арганізацыям. Такая работа вядзецца на працягу года, але менавіта вясной санітарныя службы надаюць санітарнаму стану тэрыторый асаблівую увагу.

З пачатку года санітарныя службы правялі амаль 20 тысяч праверак. Па іх выніках штрафы атрымалі больш за тысячу чалавек і арганізацый на суму 1,5 мільярда рублёў.