Санаторый "Прыдняпроўскі" - адна з найбуйнейшых здраўніц у краіне

15 мая 2015

Лячэнне, якое раней было даступнае толькі ў замежных здраўніцах, можна атрымаць і ў Беларусі. Лячэбна-дыягнастычная база санаторыяў прадпрыемства "Белпрафсаюзкурорт" сёння дазваляе эфектыўна змагацца з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, хваробамі органаў стрававання, апорна-рухальнага апарату, нервовай сістэмы і многімі іншымі. Санаторый "Прыдняпроўскі" - адна з найбуйнейшых здраўніц у краіне. Каб паправіць здароўе, сюды на працягу года прыязджаюць каля 16 тысяч чалавек.

Рэпартаж Вольгі Халадовіч.

Спа-фіш з дапамогай рыбак гара руфа для тых, хто не баіцца козыту, або стоўн-тэрпапія гарачымі жадэітавымі камянямі. Працэдура - аналаг ліпасакцыі або старажытнарускае СПА - грэчкавы масаж. Сёння беларускія санаторыі нараўне з традыцыйнымі прапануюць адпачывальнікам самыя розныя ноу-хау.

Яўген Волкаў, галоўны ўрач санаторыя: "Касметычныя спецыяльныя сучасныя працэдуры, якія ёсць яшчэ не ва ўсіх санаторыях Беларусі, гірудатэрапія, воднае лячэнне. Гэта многія віды душаў, падводны душ-масаж, два віды басейна. Адзін з іх з мінеральнай лячэбнай вадой".

"Прыдняпроўскі" - адна з самых буйных прафсаюзных здраўніц у краіне. І адна з самых вядомых. Кожны год тут папраўляюць здароўе прыкладна 16 тысяч чалавек.

Лячэбны профіль санаторыя - хваробы касцёва-мышачнай і перыферычнай нервовай сістэмы. Хаця ўнікальная лячэбная база, якая істотна абнавілася за апошнія гады, дазваляе лячыць самыя розныя захворванні.

У спелеапакоі працэдура доўжыцца роўна гадзіну. Іоны солі распыляюцца аўтаматычна. Тут не толькі лечаць бранхіты і бранхіяльную астму, але і ўмацоўваюць імунітэт.

Тут, як і ў іншых прафсаюзных санаторыях нашай краіны, пуцёўкі ў першую чаргу прапануюцца беларусам. Жыхарам іншых краін - пры наяўнасці свабодных месцаў. Мяркуючы па тым, што зараз пуцёўкі браніруюцца ўжо на канец лета, пуставаць здраўніцы не будуць.

Таццяна Васілевіч, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара "Белпрафсаюзкурорт": "У першую чаргу, гэта высокакваліфікаваны медыцынскі персанал. Па-другое, гэта годная медыцынская матэрыяльна-тэхнічная база. Для таго каб чалавек адчуваў сябе як дома і прыязджаў зноў, ФПБ прадугледзела круглагадовыя зніжкі 25% ад кошту пуцёўкі ва ўсе нашы прафсаюзныя здраўніцы".

Дарэчы, у "Прыдняпроўскім" ёсць нават тыя, хто прыязджае адпачываць сюды ўжо 25 гадоў запар. Гавораць: за той час санаторый стаў такім жа брэндам Беларусі, як і знакамітая рагачоўская згушчонка.