Самы моцны дождж прайшоў у сталіцы

26 июля 2017

Самы моцны лівень за ўсю гісторыю метэаназіранняў! Летні дождж правярае Мінск на трываласць. Літаральна за некалькі гадзін на вуліцы выпала ліпеньская норма ападкаў. Зараз горад ліквідуе наступствы стыхіі. Дарожнікі прачышчаюць ліўнесцёкі і рамантуюць калодзежы. Аўтамабілісты шукаюць страчаныя нумары: падчас дажджоў яны нярэдка губляюцца на сталічных вуліцах. На сёння таксама аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.

Сіноптыкі зноў прагназуюць моцныя ліўні і навальніцу. Хроніка стыхіі – у Антаніны Станкевіч. Не Мінск, а сапраўдная Венецыя. Як толькі пачаўся моцны лівень, многія вуліцы паступова пачалі ператварацца ў каналы з вадой. Партызанскі праспект, Пераможцаў, вуліцы Жудро, Ангарская, Прытыцкага, Шаранговіча – усяго спецслужбы зафіксавалі амаль што два дзясяткі месцаў падтапленняў.

А гэта ўжо вуліца Васняцова. Наступствы ўчарашняй стыхіі тут ліквідуюць усім светам. Дарога ператварылася ў міні-басейн. Не кажучы пра двары, якія знаходзяцца крыху ў нізіне.

Гаспадыня дома, якая назвалася Зінаідай, сумна распавядае: змагацца са стыхіяй тут прывыклі. Колькі сябе памятае – заўсёды больш-менш моцны дождж прыносіў складанасці. Вось і сёння жанчына крыху саромеецца свайго выгляду: маўляў, усю ноч не спала, якое ж тут інтэрв'ю.

Водных працэдур хапіла не толькі сталіцы: у цэнтральным рэгіёне таксама не абышлося без падтапленняў. У Клецкім раёне моцны парыў ветру зрываў дахі, а пяць дамоў, як ні парадаксальна ў такі дождж, пацярпелі ад... пажару. Віной усяму – удар маланкі.

Зараз з наступствамі стыхіі змагаюцца і дарожныя службы. У некаторых раёнах горада наплыў вады быў такім моцным, што з калодзежаў пазрывала накрыўкі. Цяпер іх трэба прачысціць, а люкі вернуць на месца – каб у іх ніхто не зваліўся. Больш за іншыя пацярпелі месцы, дзе блізка праходзіць рака: узровень вады ў Свіслачы падняўся на метр-два.

А спяшацца прыводзіць у парадак гарадскую ліўневую сістэму і сапраўды варта. Сіноптыкі зусім не жартуюць, калі кажуць, што начная стыхія – гэта толькі першы акт. Мацвей Чатырко паказвае на вялікім маніторы: навальнічныя аблокі ідуць на сталіцу. І небяспеку сіноптыкі ўжо расфарбавалі ў звыклы для гэтага лета аранжавы колер.

Дарэчы, начны лівень у Мінску стаў самым моцным за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Іншымі словамі – такога яшчэ не было. За некалькі гадзін на зямлю выпала амаль ліпеньская норма ападкаў. Захаваць горад ад патопу зможа толькі рэканструкцыя ўсіх калектараў. Такія планы ў горада есць. На найбліжэйшыя 13 гадоў, бо справа гэта зусім не танная.