Самае душэўнае і любімае свята лета. Штогод у Александрыі збіраюцца тысячы гасцей

11 июля 2020
Самае душэўнае і любімае свята лета - "Александрыя збірае сяброў" - сёння разгарнула свае пляцоўкі і гандлёвыя рады на беразе Дняпра. За 10 гадоў існавання яно стала неад'емнай часткай нашай культуры і спадчыны, увабраўшы ў сябе ўсё, што ўласціва беларусам.

Александрыя збірае сяброў

 
Нацыянальны каларыт, імкненне да гармоніі з прыродай, любоў да сваіх традыцый і гісторыі і, вядома, гасціннасць... Штогод свята ў Александрыі збірае тысячы гасцей, прафесійных і аматарскіх калектываў, артыстаў, майстроў народнай творчасці. Цяперашняе Купалле - не выключэнне.

Пляцоўка на беразе Дняпра ператварылася ў адзін вялізны кірмаш. З пачастункамі, канцэртамі, прычым - ля кожнага падворка, а не толькі на галоўных сцэнах фестывалю. Мноства конкурсаў, гістарычных рэканструкцый, лепшую і самую дружную і гаспадарчую сям'ю года назавуць на конкурсе "Уладар сяла". А ўвечары госці і ўдзельнікі фестывалю збяруцца на вялікі святочны канцэрт. У Александрыі зараз працуюць нашы карэспандэнты. І мы плануем звязацца з імі падчас выпуску. А ўсе падрабязнасці - у 9 вечара ў "Панараме".