Самы вялікі ў Беларусі прытулак для траўміраваных дзікіх птушак працуе пад Асіповічамі

11 ноября 2019
Пачалося ўсё  з лячэння аднаго грака. Сёння выратаваных птушыных - ужо больш за  300. Чайкі, совы, буслы. Ёсць нават прадстаўнікі Чырвонай кнігі. Пацыентаў прывозяць з усёй краіны. Аб вялікай дапамозе - Мікіта Дзяменцьеў.


Любая дзікая птушка - яна заўсёды баіцца. Яе ніяк не прыручыш.

Зрэшты, прыручыць - такую задачу сям'я Сталяровых перад сабою не ставіць. Галоўнае, сцвярджаюць Аляксандр і Жанна,  не даць птушыным загінуць. Гісторыя гаспадароў самага вялікага прытулку Беларусі для дзікіх птушак пачалася сем гадоў назад, калі ў рукі трапіў грак са зламаным крылом. Каб новы госць не нудзіўся, узялі яшчэ варону - таксама не без траўмы. Выхадзіўшы абодвух, для сябе вырашылі:  будуць ратаваць і дапамагаць дзікім птушкам.

Сёння крылатых пацыентаў у прытулак прывозяць з усёй Беларусі. І кожны птушыны са сваёй  непаўторнай гісторыяй.

  Гэты бусел паступіў сюды каля двух гадоў назад зусім маленькім буслянём з агнястрэльным раненнем. Прычым стралялі прама ва ўпор у гняздо - дзеля забавы. Сёння ён разам са сваімі новымі сябрамі застанецца ў прытулку ўжо назаўжды, бо з такімі раненнямі ў натуральным асяроддзі пасялення птушкі проста не выжывуць.

З дапамогай збору сродкаў у інтэрнэце атрымалася закупіць кармы і медыкаменты

Зрэшты, ёсць і больш, калі можна так сказаць, удачлівыя. Чацвёра з 11 буслоў ужо рыхтуюцца да хуткага выпуску на волю. Жывуць яны асобна ад астатніх, а гаспадары імкнуцца не кантактаваць з імі, каб птушкі вучыліся здабываць ежу самастойна. Зараз, гаворыць Жанна, важна падрыхтавацца да зімы. 
Добра што  неабыякавых аказалася нямала. З дапамогай збору сродкаў у інтэрнэце атрымалася закупіць інфрачырвоную плёнку для ацяплення буслятніка, уцяпляльнік, сетку-рабіцу, абшыўку  для сцен вальераў, кармы і медыкаменты. Дарэчы, менавіта на аказанне ветэрынарнай дапамогі ідзе  амаль палова выгандляваных сродкаў. Своеасаблівай дапамогай служаць і вось гэтыя дзіўныя эму. У снежні птушкі нясуць яйкі, продаж якіх дапамагае пракарміць  8 соў.

Паўгода назад у прытулку адбыўся пажар. Афіцыйная версія следчых - падпал.

У тую ноч загінулі парадку 400 індычанят, два буслы і згарэў увесь корм. 
Практычна з нуля прыйшлося  аднаўляць прытулак. Але,  нягледзячы на ўсе перажытыя цяжкасці,  сям'я не апускае рук і працягвае пачатае.
Любоў  да птушак Жанна і Аляксандр прывіваюць і свайму пяцігадоваму сыну Ратміру. Асабістым прыкладам паказваюць, як меншым аказваць дапамогу, якая пасільна кожнаму. Пакуль мы здымалі гэты матэрыял, за намі сачыла пара вераб'ёў. Гэта шчаслівыя выпускнікі прытулка. І хоць  дапамога ім ужо не патрэбная, затое яны  выдатна ведаюць, што іх, як і іншых птушыных, тут не пакрыўдзяць.