Самы вялікі пірог прапанавалі кааператары на калядным кірмашы ля Палаца спорту

17 декабря 2016

Самы вялікі пірог  прапанавалі сёння кааператары  на калядным кірмашы, які адкрыўся ля Палаца спорту. Вага ласунка 400 кілаграмаў, даўжыня 11 метраў. На падрыхтоўку такога кулінарнага шэдэўра спатрэбілася звыш 200 кілаграмаў мукі, 40 кілаграмаў цукру і сметанковага масла, паўтысячы яек і больш за 2 цэнтнеры рознага начыння. Рыхтавалі пірог амаль суткі  20 майстроў у 6 кандытарскіх цэхах.

Валерый Іваноў, старшыня праўлення Белкаапсаюза:

"Падрыхтавалі такі сюрпрыз для мінчан. Усё ж амаль паўтоны вагой пірог, але разам з тым у нас усё атрымалася. Вось гэтыя спецыяльныя мерапрыемствы кірмашовыя заўсёды будуць прыемныя для мінчан і не толькі. У кожным абласным і раённым цэнтры мы будзем праводзіць мерапрыемствы, каб даць магчымасць  нашаму насельніцтву набываць тавары па добрых цэнах".

Сваю прадукцыю на кірмашы  прапанавалі больш за два дзясяткі арганізацый з усёй Беларусі. На гандлёвых радах  пакупнікі могуць знайсці ўсё неабходнае для сустрэчы Новага года - ад ёлачных упрыгажэнняў да святочнага меню. Кірмаш прадоўжыць працу і заўтра.