Самы вялікі звонавы ансамбль у Беларусі асвяцілі ў Мінску

9 апреля 2019

Сёння званіца храма-помніка Усіх святых папоўнілася новымі галасамі. Пад купалам былі ўсталяваныя 13 званоў. Новыя набыцці створаць скончаны музычны рад з ужо ўсталяванымі раней званамі. Якая агульная маса звонавай бронзы Усіхсвяцкага храма і калі святыня загучыць на ўвесь голас - рэпартаж Іны Пілевіч.

Ён запрашае вернікаў на малітву ўсёй сваёй пяцітоннай моцай. Галоўны голас храма-помніка Усіх святых быў усталяваны ў званіцы яшчэ ў 2006. Святыні ён быў падораны Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Тады ж яшчэ два званы былі атрыманыя ў дар ад Патрыярха Алексія II і Ганаровага Экзарха Мітрапаліта Філарэта. Але з гэтага часу трыа стала ансамблем. Іх музычны рад дапоўнілі яшчэ 13 новых званоў.

Як і першую тройку званоў, новыя паступленні адлівалі ў Варонежы. Кожны па-свойму ўнікальны. І не толькі гучаннем, але і выглядам. На званах выявы беларускіх святых, сюжэты царкоўных святаў. Да прыкладу, на Велікапосным зване можна ўбачыць барэльефы ікон "Старазапаветны Вялікдзень", "Раство Хрыстовае", "Галгофа" і "Сашэсце ў Пекла". 

Багдан Бярозкін, загадчык аддзялення званароў Мінскага духоўнага вучылішча: "Гэта будзе ўнікальны звонавы ансамбль у нашай краіне, на якім можна будзе выканаць цалкам усе віды перазвонаў. Кожнаму святу - свой. Раству - калядны, Вялікадню - велікодны, або красны перазвон".

Галасы храма-помніка адлівалі на прыватныя ахвяраванні, таксама падтрымку падаў горад. Асвячэнне званоў узначаліў Патрыяршы Экзарх Мітрапаліт Павел. 

Але перш чым падняць на званіцу - спроба царкоўнага інструмента.

Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі: "Спеў званоў заклікаў людзей да малітвы. У выпадку нападу ворагаў-іншаземцаў  спеў званоў збіраў людзей на абарону Бацькаўшчыны. Ён супакойвае нават ваздухі". 

Паднімаюць на вышыню 23 метры. Сваё мацаванне кожнаму з 13 званоў. Самы маленькі важыць каля 8 кілаграмаў, а самы вялікі - 840.

Агульная маса звонавай бронзы Усіхсвяцкага храма - 12,5 тон. Зараз спецыялістаў чакае наладка голасу святыні. Упершыню на ўсю моц яго пачуюць вернікі на Вялікдзень.