Самыя творчыя студэнты краіны абаранілі дыпломы

1 июля 2014

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вынікі шасцігадовага навучання студэнтаў падвёў мастацкі факультэт. Напярэдадні ў галерэі навучальнай установы, а таксама на некалькіх іншых выставачных пляцоўках Мінска, адбыўся агляд работ выпускнікоў гэтага года. Пяць кафедр выяўленчага кірунку прадставілі дыпломы маладых мастакоў.


Працы новага пакалення будучых майстроў убачыла і Наталля Бардзілоўская. Выпускніца-кінамастак Ганна Шматок сваю выніковую выпускную работу пастроіла на рэлігійных сюжэтах і хрысціянскіх матывах. Увогуле, гэта тэндэнцыя сёлетніх дыпломаў - праз тэматыку карцін відавочна, што хвалююць сучасную мастацкую моладзь - пераважна гістарычныя вобразы даўніны, казачныя, міфалагічныя і біблейскія матывы.


Тэмы, якія абаранілі выпускнікі-жывапісцы, таксама, аб вечным. Нейтральныя і спакойныя - у акадэмічнай рэалістычнай манеры напісаны нацюрморты і пейзажы, у якіх адбіліся краявіды розных куткоў Беларусі. А рэстаўратары ўзялі за аснову рускую і айчынную класіку і прадставілі копіі Канстанціна Макоўскага, Карла Брулова, Міхаіла Савіцкага…


За абаронай дыпломаў кожнага з гэтых выпускнікоў - шэсць гадоў навучання на мастацкім факультэце. Да выніковага агляду прайшлі не ўсе. Дыпломы тут - праца, якая пачынае адлік з першага курса.


Чацвёра дыпломнікаў ад жывапісу, шасцёра выпускнікоў-графікаў, пяцёрка будучых кінамастакоў і дзесяць скульптараў-манументалістаў. У сёлетнім выпуску мастацкага факультэта прафесура, што прымала дзяржэкзамены, асабліва вылучала графічную плынь. Гэты выпуск - адзін з самых моцных па меркаванні выкладчыкаў.


Сёлетнія дыпломы графікаў - усе без выключэння атрымалі найвышэйшыя адзнакі. Выпускнікі прадставілі не толькі традыцыйныя тэхнікі - афорт і рукатворную алоўкавую графіку, і самыя складаныя - па энергетыцы і часе, лінарыт і каляровы лінарыт.


Многія з гэтых дыпломаў ужо узяты ў рэалізацыю для аздаблення інтэр'ераў і ў прамысловую вытворчасць.