Самыя стрэсавыя краіны

21 июля 2013

На гэтым тыдні вядомае міжнароднае інфармацыйнае агенцтва Блумберг апублікавала цікаўнае даследаванне - рэйтынг самых стрэсавых краін. Даследаванне праводзілася на падставе вывучэння сітуацыі ў 74-х дзяржавах.

Крытэрыяў некалькі. Улічвалася колькасць забойстваў - увечары страшна гуляць у Сальвадоры, няроўнасць прыбыткаў - самая вялікая сацыяльная прорва ў ПАР, колькасць беспрацоўных - і тут ужо знаёмыя Грэцыя, Іспанія, Македонія. Даследчыкі звярталі ўвагу нават на ўзровень забруджвання паветра ў гарадах. Дыхаць поўнымі грудзьмі не раяць у Манголіі і Егіпце.

Забегаючы наперад, адразу скажу - у топ-30 дзяржаў, жыхары якіх перажываюць больш за ўсё, Беларусь не трапіла. У нас - 41-е месца. Чаго не скажаш пра суседзяў. Напрыклад, Расія. Яна ў гэтым рэйтынгу на 25-м радку. Ну а антылідарам рэйтынгу стала Нігерыя. Яна б'е ўсе рэкорды суму і займае ў рэйтынгу першае месца.


Зараз больш падрабязна пра нас. ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі складае амаль 8 тысяч долараў. Знайсці працу ў краіне не мае ніякіх праблем, лічаць аналітыкі Блумберг, адгэтуль узровень беспрацоўя ў Беларусі ўсяго 6 дзясятых працэнта. Прынцыповы момант - паказчык каэфіцыента Джыні: паводле даследавання, у нас мінімальны ўзровень расслаення грамадства. Гэта значыць, на думку заходніх спецыялістаў, падстаў для стрэсу ў беларусаў значна менш, чым у найбліжэйшых суседзяў.

Са сваім 41-м месцам у гэтым рэйтынгу наша краіна апынулася менш стрэсавай, чым не толькі Расія, але, напрыклад, Літва, а таксама Балгарыя. Здаецца, нават мора і сонца не ратуюць балгараў ад суму. Калі ж гаварыць аб самых усмешлівых, то тут згадваецца звычайна суровая Нарвегія, а таксама краіны, якім усміхацца сам бог загадаў - банкаўскія гавані алігархаў Люксембург і Швейцарыя. А яшчэ гавораць шчасце не ў грошах.